2010-11-25 12:00:03

Біскуп Кашкевіч: трэба нанава адкрыць нашыя хрысціянскія спадзяванні


RealAudioMP3 Біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч скіраваў да сваіх дыяцэзіянаў ліст з нагоды Адвэнту, які распачынаецца ў наступную нядзелю.

Іерарх закранае тэму чакання ў жыцці чалавека. “Малое дзіця чакае клопату і дапамогі ад сваіх бацькоў, падлеткі сумуюць па цеплыні бацькоўскага дома з бацькамі, якія па-сапраўднаму кахаюць адно аднаго. Малады чалавек марыць аб паступленні ў добрую навучальную ўстанову, дарослы задумваецца над стварэннем удалай сям’і і добра аплочваемай працай. Сужэнцы спадзяюцца на ўзаемнае каханне. Бацькі жадаюць, каб іх дзеці выраслі добрымі людзьмі. Людзі старэйшага ўзросту чакаюць спакойнай старасці і зычлівасці з боку сваіх дзяцей і ўнукаў.”

У наш час трэба шмат старацца, каб гэтыя спадзяванні сапраўды спраўдзіліся. Пакуты чалавека і яго расчараванні звязаныя перш за ўсё з адсутнасцю любові да Бога і паміж намі — у сем’ях і грамадстве, у якім мы жывём.

“Нам вельмі лёгка гаварыць Богу пра сваю любоў, - кажа біскуп Кашкевіч - але як жа цяжка любіць Хрыста ў іншым чалавеку сваімі справамі! На перашкодзе адкрытай і радаснай службе паўстаюць хваробы сучаснага свету: інфекцыя абыякавасці, ляноты, амаральнасці, пагоня за прыемнасцямі і ўладай; адсутнасць узаемнай пашаны і слухання.”

Біскуп кажа, што нам нельга скардзіцца на іншых з-за таго, што ў нас нешта не атрымалася, нехта нас расчараваў ці нешта не ладзіцца паміж людзьмі — трэба нанава адкрыць нашыя хрысціянскія спадзяванні! Спадзяваннем кожнага хрысціяніна павінна быць імкненне да святасці. Святымі ў кожным жыццёвай пазіцыі і пакліканні хоча таксама мець нас у сябе Хрыстус.

Гродзенскі Біскуп заклікае да малітвы ўдзячнасці за дыяцэзію, якая ў 2011 годзе будзе адзначаць 20-годдзе свайго існавання, і заахвочвае да актыўнага ўдзелу ў парафіяльных місіях і перэгрынацыі абраза Езуса Міласэрнага па дыяцэзіі.







All the contents on this site are copyrighted ©.