2010-11-24 13:45:33

Ватыкан выказвае пратэст супраць нелегальнага біскупскага пасвячэння ў КНР


RealAudioMP3 Апостальская Сталіца рашучым чынам асудзіла рэлігійную палітыку камуністычных уладаў Кітайскай Народнай Рэспублікі і ўдзяленне біскупскай сакры без згоды Папы кс. Ёзэфу Го Джынсай ў Чэнгдэ (правінцыя Хэбэй) у суботу 20 лістапада. Паведамленне, пасля збору комплекснай інфармацыі па гэтай тэме, выдала прэс-служба Ватыкана.

У паведамленні адзначаецца, што Святы Айцец з глыбокім смуткам прыняў навіну аб гэтай падзеі, бо ўзгаданае біскупскае пасвячэнне было здзейснена без апостальскага мандата і з’яўляецца, такім чынам, балючуй ранай для адзінства Касцёла і сур'ёзным парушэннем каталіцкай дысцыпліны (гл. Ліст Бэнэдыкта XVI да Касцёла ў Кітаі, 2007, н. 9).

У паведамленні гаворыцца, што ў апошнія дні розныя біскупы падвяргаліся ціску і абмежаванням свабоды перамяшчэння з намерам прымусіць іх прыняць удзел ва ўдзяленні біскупскай сакры. Такія акты гвалту, якія здзяйсняюцца кітайскімі ўладамі і органамі бяспекі, ўяўляюць сабой сур'ёзнае парушэнне рэлігійнай свабоды і свабоды сумлення. Святы Пасад мае намер правесці падрабязную ацэнку таго, што адбылося, у тым ліку разгляд аспекту сапраўднасці і кананічнай сітуацыі біскупаў, якія ўдзельнічалі ў гэтай сакры.

Шмат разоў на працягу года Апостальская Сталіца выразна заяўляла кітайскім уладам аб сваёй нязгодзе з планаваным біскупскім пасвячэннем кс. Ёзэфа Го Джынсая. Тым не менш, улады вырашылі дзейнічаць у аднабаковы парадку, на шкоду атмасферы павагі, з цяжкасцю створанай у адносінах з Апостальскай Сталіцай і Каталіцкім Касцёлам. Такая ўзурпацыя, каб ставіць сябе над біскупамі і кіраваць жыццём касцёльнай супольнасці не адпавядае каталіцкаму навучанню. Гэта абраза Святога Айца, Касцёла ў Кітаі і Касцёла Паўсюднага, якая ўскладняе цяперашнія душпастырскія цяжкасці.

У заяве гаворыцца, што католікі ва ўсім свеце з асаблівай увагай сочаць за цяжкім шляхам Касцёла ў Кітаі. Духоўная салідарнасць, з якой яны суправаджаюць зменлівы лёс сваіх кітайскіх братоў і сясцёр, становіцца гарачай малітвай да Пана дзеяў, каб быў побач з імі, умацаваў іх надзею і сілы і даў ім радасць у хвіліну выпрабаванняў.







All the contents on this site are copyrighted ©.