2010-11-23 15:29:53

Кардынал Таран накіруецца ў Пакістан бараніць правы хрысціян


RealAudioMP3 У найбліжэйшыя дні старшыня Папскай рады па міжрэлігійным дыялогу кардынал Жан Луі Таран накіруецца ў Пакістан, каб звярнуць увагу ўраду краіны на пытанне шанавання правоў хрысціян. Аб гэтым паведаміў Дзяржаўны сакратар Яго Святасці папы Бэнэдыкта XVI кардынал Тарчызіо Бэртонэ, які сёння ўдзельнічаў у інаўгурацыі акадэмічнага года ў Папскім Латэранскім універсітэце.

Выступаючы з дакладам на тэму ролі Апостальскай Сталіцы ў жыцці міжнароднай супольнасці, кардынал Бэртонэ заклікаў да хутчэйшага вызвалення пакістанскай хрысціянкі Асіі Бібі, асуджанай на смерць за «блюзнерства супраць Магамета». «Спадзяюся, што гэтая хрысціянка, якая так шмат выцерпела, хутка будзе вызвалена», — адзначыў прамоўца.

Па словах кардынала, Ватыкан і многія іншыя дзяржавы падтрымліваюць рашэнне аб ліквідацыі існуючага ў Пакістане закону аб блюзнерстве, бо жыхары, у тым ліку хрысціяне, не павінны беспадстаўна абвінавачвацца ў злачынствах.







All the contents on this site are copyrighted ©.