2010-11-22 16:10:44

Святы Айцец удзяліў аўдыенцыю новым кардыналам, іх родным і гасцям


RealAudioMP3 Бэнэдыкт XVI прыняў сёння, 22 лістапада 2010 г., у зале Паўла VI новапрызначаных кардыналаў, якіх у мінулую суботу далучыў да Калегіі кардыналаў, а таксама гасцей, якія прыбылі з імі ў Рым. Пантыфік нагадаў, што кардыналы закліканы асаблівым чынам удзельнічаць у клопаце Папы аб паўсюдным Касцёле. Да кожнай з груп Святы Айцец звярнуўся на роднай мове.

Пантыфік нагадаў, што заданнем Калегіі кардыналаў з’яўляецца абранне паслядоўніка Пятра, а таксама падтрымка яго парадай у важных справах. Пантыфік адзначыў неабходнасць клопату кардыналаў не толькі аб мясцовым Касцёле, але і Паўсюдным, а таксама аб супрацоўніцтве са Святым Айцом у выкананні паслугі Пятра.

Кажучы пра кардынальскую мантыю, Святы Айцец нагадаў, што яна сімвалізуе гатоўнасць кардыналаў да абароны паствы Хрыста, нават коштам уласнай крыві. Бэнэдыкт XVI прасіў блізкіх і родных кардыналаў аб падтрымцы іх праз малітву і супрацоўніцтва ў будаванні адзінства, святасці і супакою.

«Углядайцеся ў Хрыста, чэрпаючы з Яго патрэбныя ласкі і духоўную падтрымку, наследуючы святых кардыналаў, якія на працягу гісторыі ўсхвалялі Бога, жывучы цнотамі і трывалай вернасцю Евангеллю», — падкрэсліў Святы Айцец.







All the contents on this site are copyrighted ©.