2010-11-22 14:01:16

Мітрапаліт Кандрусевіч: мы павінны даследаваць свае душы


RealAudioMP3 Наступная нядзеля – гэта ўжо першая нядзеля Адвэнту, часу асаблівай духоўнай падрыхтоўкі да Божага Нараджэння. Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч скіраваў з гэтай нагоды да вернікаў сваё пасланне.

Іерарх прыгадвае вобраз падарожжа ўначы калі чалавек ідзе шмат кіламетраў з вачыма, скіраванымі ў напрамку святла, якое сведчыць аб тым, што недзе ёсць дом. У гэты момант цяжка ацаніць адлегласць! Да мэты нашага падарожжа можа заставацца некалькі кіламетраў, а можа ўсяго толькі некалькі соцен метраў.

У такой жа сітуацыі знаходзіліся прарокі, калі спаглядалі ў будучыню на збаўленне свайго народу. - кажа Мітрапаліт -Яны не маглі нават прыблізна сказаць, калі прыйдзе. Яны проста ведалі адно, што ў пэўны момант род Давіда адродзіцца ізноў; што некалі знойдзецца ключ, які адчыніць брамы вязніцы; што святло, якое вось бачна на гарызонце, у пэўны момант заззяе. Божы народ павінен быў трываць у чаканні. “Такой жа паставы чакання на кожны момант нашага жыцця Касцёл патрабуе ад сваіх вернікаў.”

Арцыбіскуп Кандрусевіч кажа, што “паколькі падчас Адвэнту мы жадаем наблізіцца да Бога, то найперш павінны даследаваць свае душы. Толькі так мы выявім нашых сапраўдных ворагаў, якія імкнуцца трымаць нас як мага далей ад Бога”

Першы з іх, гэта пажадлівасць цела, якая не абмяжоўваецца толькі нязгодным з Божым правам пачуццёвым беспарадкам, але таксама любоўю да выгодаў і недахопам руплівасці.

“Другім непрыяцелем з’яўляецца пажадлівасць вачэй. Гэта асаблівы род унутранай хцівасці, якая вядзе да таго, што мы цэнім тое, да чаго можам дакрануцца. Чалавечы розум, які паддаецца гэтай спакусе, лічыць сябе цэнтрам сусвету і нанава захапляецца вядомай са Старога Запавету спакусай, калі злы дух спакусіў першых людзей Адама і Еву абяцаннем: будзеце, як богі”.

На заканчэнне свайго паслання Мітрапаліт кажа: “Маючы на ўвазе тое, што да нас прыходзіць сам Бог, мы на самой справе павінны добра падрыхтавацца. Калі прыйдзе Божае Нараджэнне, Пан павінен застаць нас у чуванні, з падрыхтаванай душой. Так павінна таксама выглядаць канчатковае спатканне з Ім.”







All the contents on this site are copyrighted ©.