2010-11-20 17:48:41

Касцёл адзначае ўрачыстасць Хрыста Валадара Сусвету


21 лістапада, ў апошнюю нядзелю літургічнага года, Касцёл адзначае ўрачыстасць Хрыста Валадара Сусвету. Гэта апошняя нядзеля перад Адвэнтам – пачаткам новага літургічнага году – з’яўляецца падцвярджэннем факту валадарання Уваскрослага Хрыста.

Урачыстаць Хрыста Валадара ўказвае на мэту чалавечага жыцця, на паяднанне з Богам і на адданне пад уладу Яго любові ў Божым Валадарстве. Валадаранне Хрыста выражаецца ў збаўленні чалавека. Праз сваю смерць на крыжы ён даў сведчанне любові да ўсіх людзей і, прабачаючы нашыя правіны, паяднаў нас з Айцом, а таксама зрабіў нас абраным народам, святарамі самаго Бога.

У іканаграфіі Хрыстус Валадар яшчэ са старажытных часоў прадстаўлены як Пантакратар, Уладар усяго і ўсіх, які сядзіць на троне, мае Зямлю пад сабой, або трымае зямны шар на далоні. Так прадстаўлялі Езуса на старажытных абразах і мазаіках. Апакаліпсіс прадстаўляе Яго – як таго, хто сядзіць на троне, каму ўвесь свет аддае пашану.

У сваю чаргу Евангелле паказвае іншае вымярэнне валадарання Хрыста. Бічаваны, укаранаваны цернем Езус адказвае на пытанне Пілата: “Так, я Кароль, але валадарства маё не з гэтага свету” (пар. Ян 18, 33-40). На крыжы Хрыста быў надпіс: “Езус Назаранін Кароль Юдэйскі” (Ян 19,19), а укрыжаваны з ім разбойнік прасіў Яго перад смерцю: “Езус, узгадай мяне, калі будзеш у Сваім Валадарстве” (Лк 23, 42). Гэты евангельскі урывак кажа нам аб тым, што ў найглыбейшым хрысціянскім сэнсе валадарыць, азначае служыць і нават аддаць сваё жыццё за іншых.

Урачыстасць Хрыста Валадара уключыў у літургічны каляндар Папа Пій ХІ 11 снежня 1925, на заканчэнне юбілейнага году. Папа устанавіў гэтае свята насуперак атэістычным і секулярысцскім тэндэнцыям, якія былі ўжо папулярныя ў той час. Папа указаў на Хрыста як на Валадара, які мае ўладу над чалавекам і над усім светам.

Пій ХІ загадаў, каб ва ўсіх касцёлах пасля галоўнага набажэнства, перад выстаўленым Найсвяцейшым Сакрамэнтам была прачытана літанія да Найсвяцейшага Сэрца Езуса, а таксама адбылося прысвячэнне роду людскога Яму. На пачатку гэтая урачыстасць адзначалася ў апошнюю нядзелю кастрычніка, але пасля літургічнай рэформы 1969 года яна была перанесена на апошнюю нядзелю касцёльнага літургічнага году. Змяшчэнне гэтай урачыстасці напрыканцы календара звязана з біблейскім разуменнем часу і адлюстроўвае сэнс літургічнага году, які пачынаецца з найважнейшай падзеі ў справе збаўлення.







All the contents on this site are copyrighted ©.