2010-11-19 18:02:44

У Мінску адбылася І Міжрэлігійная малітоўная сустрэча


RealAudioMP3 "Супакой вам у Імені адзінага Бога,"— звярнуўся да ўдзельнікаў І Міжрэлігійнай малітоўнай сустрэчы ў Беларусі Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. Экуменічная сустрэча адбылася 19 лістапада 2010 г. у мінскім касцёле св. Сымона і св. Алены і прайшла ў межах святкавання 100-годдзя святыні.


Міжрэлігійная малітоўная сустрэча стала таксама своеасаблівым успамінам першай у гісторыі экуменічнай сустрэчы, ініцыятарам якой стаў Ян Павел ІІ. У 2011 годзе будзе адзначацца 25-гадовы юбілей гэтай памятнай падзеі, якая мела месца ў італьянскім Асізі.


Пробашч парафіі кс. Уладзіслаў Завальнюк, вітаючы ўдзельнікаў сустрэчы, нагадаў пра асобу Эдварда Вайніловіча, фундатара Чырвонага касцёла, які ў свой час пажадаў, каб гэтая святыня стала перапрашэннем за ўсё грахі, учыненыя яго родам. У 2005 годзе распачаўся сбор інфармацыі, неабходнай для беатыфікацыйнага працэсу Слугі Божага.


Падчас сустрэчы прадстаўнікі розных веравызнанняў выступілі з прамовамі. Беларускую Праваслаўную Царкву прадстаўляў архірэй Аляксандр Шымбалёў, які, перадаўшы прывітанне ад Мітрапаліта Філарэта, звярнуў увагу на моцную веру мясцовай каталіцкай супольнасці, якая, нягледзячы на складаныя часы і няпростую гісторыю сваёй святыні, засталася вернай Стварыцелю. «Усё мінае, застаюцца толькі нашы адносіны з Богам», — падкрэсліў архірэй і выказаў пажаданне, каб беларускі народ моцна трываў у веры, бараніў храмы і жыццё.


Па словах Апостальскага Візітатара грэка-католікаў у Беларусі архімандрыта Сяргея Гаека, экуменічная сустрэча з’яўляецца нагодай, каб вучыцца разам служыць чалавеку і Бацькаўшчыне.


Да прысутных звярнуліся таксама прадстаўнікі Евангельска-Лютэранскай Царквы, Саюза евангельскіх хрысціян-баптыстаў, Аб’яднання юдэйскіх рэлігійных абшчынаў у Беларусі.


На заканчэнне выступіў Мітрапаліт Кандрусевіч, які адзначыў, што Эдвард Вайніловіч з’яўляецца прыкладам міжрэлігійных адносін. Яшчэ задоўга да Другога Ватыканскага Сабору, на якім упершыню было ўзнята пытанне аб адносінах Каталіцкага Касцёла з іншымі рэлігіямі, Эдвард Вайніловіч рэалізоўваў «евангельскую пазіцыю любові да чалавека» ў сваім штодзённым жыцці.


Як нагадаў арцыбіскуп Кандрусевіч, свет шматнацыянальны і шматканфесійны, аднак мы разам жывём, вучымся, працуем, таму важна, захоўваючы сваю ідэнтычнасць, шанаваць прадстаўнікоў іншых веравызнанняў.


Поўны тэкст прамовы Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча >>>


Паміж выступленнямі гучалі спевы ў выкананні касцёльнага хору, верніка з пратэстанцкай абшчыны і псальм на іўрыце. А кожны прамоўца пасля выступлення прымацоўваў пальмовую галінку на сімвалічным ажываючым дрэве жыцця.


На заканчэнне сустрэчы пад спеў «Шалом Алейхем» прысутныя перадалі адно аднаму знак супакою. Затым адбылася супольная малітва, якую некалі разам з Янам Паўлам ІІ прамовілі ўдзельнікі экуменічнай сустрэчы ў італьянскім Асізі.


Пасля закліку аб Божым благаслаўленні ўсе ўдзельнікі выйшлі ў працэсіі з касцёла і на прыступках святыні зрабілі супольны фотаздымак — на ўспамін аб І Міжрэлігійнай малітоўнай сустрэчы ў Беларусі.








All the contents on this site are copyrighted ©.