2010-11-19 15:18:19

Сёння адбыўся надзвычайны Cход роздуму і малітвы кардынальскай Калегіі


Сёння распачата трохдзённая Кансісторыя. У малітоўны сход папа Бэнэдыкт XVI ўключыў і 24-х намінатаў, якія заўтра будуць паднесены да кардынальскай годнасці.

Сустрэча адкрылася раніцай Літургіяй гадзін ў залі Сіноду Біскупаў у Ватыкане. Дыскусія тычылася новых выклікаў рэлігійнай свабодзе ў свеце, якую ўзначаліў Дзяржсакратар Ватыкану кардынал Тарчызіо Бэртонэ.

Пад старшынствам прэфекта Кангрэгацыі Божага Культу і дысцыпліны Сакрамэнтаў кардынала Антонія Каннізарэса кіраўнікі Сусветнага Касцёла пагутарылі аб ролі Літургіі ў сённяшнім жыцці Касцёла.

Пасля малітоўнага засяроджання ў Нешпарах, вечарам кардыналы раяцца таксама і аб набалелых праблемах: найперш, педафіліі, якая ўкралася ў абліччы некаторых святароў у Касцёл, пытанні пераходу часткі англіканаў да Каталіцызму ў адпаведнасці з апостальскай канстытуцыяй «Anglicanorum coetibus»..

У «дні рэфлексіі і малітвы» кардыналамі разгледжаны эклезіялагічныя пытанні апошняга дзесяццігоддзя, пасля абвяшчэння Кангрэгацыяй Веранавучання дэкаларацыі «Dominus Iesus».

Бэнэдыкт XVI першы раз склікаў Кардынальскую Калегію на надзвычайную сустрэчу – Кансісторыю 4 гады таму назад. У 2007 прайшла другая. На Трох Кансісторыях да кардынальскай годнасці папам Бэнэдыктам XVI паднесены 62 кардыналы. 50 з іх уваходзяць у Калегію з правам голасу і правам быць выбранымі на Папу Рымскага.








All the contents on this site are copyrighted ©.