2010-11-18 15:46:50

Святы Айцец звярнуўся да працаўнікоў сферы аховы здароўя


Папа Бэнэдыкт XVІ звярнуўся да ўдзельнікаў 25-й Міжнароднай канферэнцыі, арганізаванай Папскай радай пастырства работнікаў сферы аховы здароўя. На яе запрошаны шматлікія госці, іерархі, кіраўнікі міжнародных структур. На канферэнцыі прысутнічае таксама генеральны дырэктар Сусветнай Арганізацыі Здароўя спадарыня Маргарэт Хан.

“У нашу эпоху, - піша Папа, - з аднаго боку стаўленне да здароўя рызыкуе пераўтварыцца ў фармакалагічнае, хірургічнае і медычнае спажывецтва, становячыся культам цела, а з другога – у немагчымасць для мільёнаў людзей мець мінімальную апеку і неабходныя медпрэпараты для лячэння.”

Папа нагадаў працаўнікам сферы аховы здароўя, што яны, як Добры Самаранін павінны рэалізоўваць найбольшую справядлівасць, якой Езус патрабуе ад сваіх вучняў і пацвяржае Сваім жыццём, бо так выконваецца закон любові.

Паводле Пантыфіка, клопат аб жыцці ад зачацця да натуральнай смерці павінен быць гарантаваны нават тады, калі сустракае перашкоды, а базавыя этычныя вартасці павінны з’яўляцца агульнай спадчынай універсальнай маральнасці і асновага дэмакратычнага суіснавання.

Святы Айцец падкрэсліў неабходнасць большага звароту ўвагі на сектар аховы здароўя як з боку Касцёла, так і структур свецкай улады.

Папа запэўніў у сваёй блізкасці пакутуючы і хворых, заклікаючы іх перажываць хваробу як магчымасць духоўнага росту і ўдзелу ў цярпеннях Хрыста на карысць бліжнім.

Удзельнікі сустрэчы, якая будзе праходзіць два дні, разглядзяць пытанні доступу да лячэння ў адлеглых геаграфічных рэгіёнах, выкарыстання паліятыўнага лячэння, а таксама праблемы ўплыву новых медыцынскіх тэхналогій на жыццё чалавека. У цэнтры ўвагі будуць таксама пытанні дэанталогіі, этыкі і права.







All the contents on this site are copyrighted ©.