2010-11-18 16:28:06

Homo Caritatis. Уводзіны ў сацыяльнае навучанне Касцёла


Езус паглядзеў на сваіх вучняў і сказаў: “Шчаслівыя вы ўбогія, бо вашае Валадарства нябеснае... Але гора вам багатыя, бо маеце ўжо суцяшэнне сваё” (Лк 6.20.24) Ужо дзве тысячы гадоў, праз свае словы і дзеянні, Касцёл аднаўляе гэтае пасланне, прыстасоўвая яго да розных гістарычных абставінаў.

Сацыяльныя праблемы такія ж старыя як і само чалавецтва, і трэба адзначыць, што тэмы справядлівасці былі заўсёды ў цэнтры рэлігійных разважанняў. “Мір з багамі” заўсёды меў паралель з “мірам з людзьмі”. Ад бабілонскіх законаў Хамурапі і яўрэйскіх законаў Маісея, ад права грэкаў і рымлянаў да нормаў жыцця распрацаваных мудрацамі Захаду і Усходу, кожная супольнасць, маленькая ці вялікая, ставіла разам рэлігію і справядлівасць, таму што паасобку яны існаваць не могуць.

Першыя сацыяльныя фармуліроўкі з’яўляюцца ў часы вялікай аграрнай рэвалюцыі, якая адбылася каля 8 000 гадоў перад нараджэннем Хрыста і звязана з выбухам урбанізацыі і з’яўленнем першых дзяржаўных утварэнняў. Гэтая справядлівасць была часам вельмі суровая, але ў той жа час, гэта была першая спроба даць “кожнаму сваё”.

Гэтыя тыпы сацыяльнага парадку будуць развівацца і з часам стануць вельмі жорсткімі. І як адказ на гэтую жорсткасць у VI ст. да нараджэння Хрыста з’яуляецца так званы “вялікі прароцкі рух”. Развіваецца новая і больш глыбокае разуменне рэлігіі і справядлівасці. Гучаць рэлігійныя і сацыяльныя пасланні Канфуцыя ў Кітаі, Буды ў Індыі, Заратустры ў Персіі, прарокаў у Палестыне, сафістаў і Сакрата ў Грэцыі. У іх філасофіі чалавек больш не разглядаецца як адзінка у нейкай сацыяльнай “мегамашыне”, але становіцца сапраўды “вымярэннем усіх рэчаў”.

Са з’яўленнем хрысціянства адбываецца своеасаблівая перамена. Праблема якую ставіць новая рэлігія не абмяжоўваецца цяпер толькі усталяваннем “супакою з багамі і людзьмі”, не толькі ў тым каб паставіць чалавека ў цэнтр усіх турботаў. Новае рэлігійнае і сацыяльнае пасланне сягае да каранёў самаго чалавека і знаходзіць крыніцу справядлівасці ў самых глыбокіх інтэнцыях чалавечай душы. Такім чынам справядліваць становіцца не толькі сацыяльным парадкам, але своеасаблівым вызваленнем душы ад тых тэндэнцый якія аддаляюць чалавека ад Бога, ад іншых людзей, ад сябе самога.

Бог звярнуўся да людзей са Сваім Словам; больш таго Ён сам увайшоў ў гісторыю, каб весці дыялог з чалавецтвам і адкрыць яму Сваю задуму адносна збаўлення, справядлівасці і братэрства. Сацыяльнае вучэнне Касцёла хоча быць гістарычным працягам паслання Хрыста. Па сваёй сутнасці яно з’яўляецца рэалізацыяй Ягонага маральнага вучэння ў сацыяльнай, палітычнай, эканамічнай і культурнай сферах дзейнасці чалавека. Ян Павел ІІ у сваёй энцыкліке Centessimus annus казаў, што багаслоўскае вымярэнне з’яўляецца неабходным як для тлумачэння, так і для вырашэння актуальных праблемаў чалавецтва. Касцёл выконвае прароцкую ролю, выкрываючы зло, якое распаўсюджваецца сярод людзей, навучаючы ўсіх, ад манарха да самага малога чалавека, і даючы сваім вернікам падрабязныя настаўленні для вырашэння праблем і той пазыцыі якую павінны займаць католікі у адносінах да каштоўнасцяў, імкненняў і дзеянняў у сферы грамадскага, палітычнага і гаспадарчага жыцця. Такім чынам сацыяльнае вучэнне гэта тэалагічная навука практычнага прызначэння, аб’ектам якой з’яўляецца чалавек ў грамадстве і ва ўзаемадзеянні з іншымі людзьмі.

Сацыяльная місія Касцёла з першых стагодзяў існавання хрысціянства была скіравана на унутраную трансфармацыю грамадскага і эканамічнага парадка збудаванага на рабстве. Апостальскія пасланні, дакументы папаў і біскупаў, працы Айцоў Касцёла не былі канешне заклікам да паўстання, але праз сілу перакананяў заклікалі збудаваць новы свет на руінах старога.
Хрысціянскае сярэдневечча з’яўляецца перыядам інтэнсіўнага сацыяльнага будаўніцтва. Чалавечыя супольнасці, ад самых малых да самых вялікіх, будуюцца на фундаменце рэлігійнай і сацыяльнай салідарнасці натхнённай хрысціянствам. Канешне, кажучы аб сацыяльным вучэнні ў гэты перыяд, размова ідзе не аб разуменні сацыяльных пытанняў, але аб некаторых этычных патрабаваннях, якія прапаноўваюцца на узроўні індывідуальнага сумлення. Але менавіта ў гэты перыяд адбываюцца першыя спробы даць сацыяльнаму вучэнню сістэматызаваную форму, праз працы аўтараў так званай “першай схаластыкі”, перш за ўсё св. Тамаша з Аквіну, а таксама аўтараў “другой схаластыкі” Францішка дэ Вікторыя і Францішка Суарэз.

У сярэдзіне ХVIII ст., у часы першай індустрыяльнай рэвалюцыі, адна з першых папскіх энцыклікаў, “Vix pervenit” Бенэдыкта ХIV, акрамя іншых пытанняў, разглядае праблему справядлівых крэдытаў. Папа кажа, што “справядлівасць узвышае людзей, а грэх робіць іх малымі”.

Усе праблемы, якія узнікаюць перад чалавекам і грамадствам разглядаюцца Касцёлам не абстрактна, але ў кантакце з гістарычнай рэальнасцю. Першыя рэакцыі на нейкую праблему адбываюцца ў Касцёле, у асяродзе свецкіх, законнікаў ці святароў. Несправядлівасці, ў якой бы ні было форме, стымулюць ініцыятыву сапраўдных першапраходнікаў, якія ў сацыяльнай актыўнасці шукаюць рэалізацыі простага і чыстага евангельскага паслання. Пасля гэтага адбываюцца даследванні сацыолагаў і тэолагаў, якія здзяйсняюць аналіз праблемы. І толькі ў канцы адбываецца умяшальніцтва касцёльнага вучэння, якое абапіраецца на дакументы біскупаў і на энцыклікі папаў. Толькі разумеючы гэтую дынаміку можна казаць аб “своечасовасці” папскага умяшальніцтва.
У 1891 Папа Леон ХІІІ выдае першую энцыкліку на сацыяльную тэматыку Rerum Novarum прысвечаную праблемам рабочага класа. Хоць праблема назрэла яшчэ ў сярэдзіне стагодзя энцыкліка з’яўляецца завяршэннем вельмі доўгай працы шматлікіх свецкіх, святароў і законнікаў і утрымлівае у сабе багаты тэарытычны і практычны вопыт. Стаўшы першым у гісторыі Касцёла дакументам Святога Айца цалкам прысвечаным сацыяльным праблемам, Rerum Novarum сталася парадыгмай для станаўлення ўсяго сацыяльнага вучэння Касцёла якое у 2004 годзе набыло сістэматычнае афармленне ў выглядзе Кампендыума сацыяльнага вучэння Касцёла.

Аб энцыкліках папаў якія склалі сацыяльнае вучэнне Касцёла мы пагаворым у наступных праграмах. Пахвалёны Езус Хрыстус!








All the contents on this site are copyrighted ©.