2010-11-18 16:34:42

Homo caritatis. Пій ХІ і сацыяльнае навучанне Касцёла


Пій ХІ быў абраны на пасад Святога Пятра праз некалькі год пасля Першай сусветнай вайны, таму у сваіх першых дакументах Папа аналізаваў пасляваенную сітуацыю ў Еўропе. На думку Пія ХІ, асноўнай прычынай чалавечых бед з’яўляліся маральны крызіс і секулярызацыя. Тое што людзі адкінулі Боскагае права, шкодзіць ўсяму грамадству. Папа заклікаў католікаў аднавіць Валадарства Хрыста, як гэта было ў Сярэдневеччы і нагадаў, што толькі Хрыстус з'яўляецца сапраўдным Валадаром Сусвету. Дарэчы, ініцыятыва ўстанаўленне свята Хрыста Валадара ў 1925 годзе належыць менавіта Пію ХІ.

Як наступства маральнага крызісу грамадства стала з’яўленне шматлікіх дэструктыўных ідэалогій у постаці фашызму, камунізму і нацызму. Як Папа рэагаваў на гэтыя з’явы?

Да Бэніта Мусаліні, які пераняў уладу ў Італіі у 1922 годзе, Папа спачатку ставіўся з сімпатыяй, так як бачыў у ім абаронцу Італіі ад камунізму, які станавіўся вельмі папулярным, але праз некаторы час Папа выдаў некалькі дакументаў, у якіх крытыкаваў сацыяльную палітыку фашыстаў. Напрыклад, у адным з дакументаў Divini illius Magistri, Аб хрысціянскім выхаванні, Папа рашуча выказваецца супраць манаполіі дзяржавы ў справе выхавання моладзі. Гэтая манаполія парушае дадзенае Богам права сям'і і чалавека самастойна выбраць той спосаб выхавання, які ён лічыць прыдатным. На думку Пія ХІ фашысцкая ідэалогія, роўна як і сацыялістычная, выхоўваюць ў дзецях ідалапаклонніцтва перад дзяржавай. Пій ХІ падкрэсліў, што найпершая роля ў выхаванні належыць сям'і, а Касцёл і дзяржава павінны толькі дапамагаць, у тым аб'ёме, у якім гэта сапраўды неабходна.

У 1937 годзе, папа напісаў адмысловы ліст адрасаваны немцам, які быў таемна распаўсюджаны ў нацысцкай Германіі і зачытаны ў Пальмовую нядзелю ў кожным Касцёле. У гэтым дакуменце Святы Айцец моцна крытыкаваў нацысцкую ідэалогію, асабліва за яе расавы закон, які супярэчыць хрысціянскім прынцыпам аб роўнасці ўсіх людзей перад Стварыцелем. Папа назваў нацысцкую ідэалогію язычніцкай і антыхрысьціянскай.
Літаральна праз некалькі Пій ХІ апублікаваў дакумент аб бязбожным камунізме, аб якім Папа ведаў вельмі добра, бо яшчэ не будучы абраным на пасад святога Пятра, быў апостальскім візітатарам у Польшчы і Літве, а потым нунцыем у Польшчы, падчас польска-савецкай вайны.

Святы айцец Пій ХІ, клапаціўся не толькі аб ідэалогіях але і аб іншых сацыяльных праблемах, напрыклад праблемах сям'і. У адной са сваіх энцыклік, Папа асудзіў, як цяжкі грэх, сужонскую нявернасць і дзетазабойства, бо якраз у гэты гістарычны перыяд у некоторых краінах адбылася легалізацыя абортаў. Дарэчы, першымі у гісторыі гэта зрабілі камуністы ў Савецкай Расіі ў 1920 годзе, а другімі немецкія нацысты.

Асаблівай увагі заслугоўвае энцыкліка Пія ХІ Quadragesimo anno, Саракавы год, якая была напісана ў саракавую гадавіну энцыклікі Льва ХІІІ Rerum novarum,Новыя рэчы. У ёй Папа указвае на тое, які моцны ўплыў аказала на грамадства энцыкліка яго папярэдніка Льва ХІІІ. Яна натхніла католікаў на актыўную дзейнасць: з'явіліся шматлікія грамадскія рухі, прафсаюзы, асацыяцыі, палітычныя партыі хрысціянскага кшталту. Вельмі вялікая колькасць свецкіх ўключылася ў супрацоўніцтва з касцёльнай іерархіяй.

На пачатку сваёй энцыклікі Папа кажа аб прыродзе прыватнай уласнасці, якая мае Боскае паходжанне, і таму ўладанне ёй з'яўляецца натуральным і неабходным. Ніхто не мае права пазбаўляць уласнасці, таму што яна з'яўляецца крыніцай існавання чалавека і яго сям'і. Але ў той жа час, прыватная ўласнасць мае, акрамя індывідуальнага, яшчэ і грамадскі характар, бо аддадзена Стваральнікам ў распараджэнне ўсіх людзей. Таму нельга валодаць прыватнай ўласнасцю толькі дзеля ўладання. Уласнасць павінна служыць агульнаму дабру людзей, казаў Папа.

Навізной энцыклікі, было выказванне Папы адносна заробку, які атрымлівае рабочы. Ён павінен быць такім, каб хапала не толькі яму, але таксама яго сям'і. У той жа час, і рабочыя павінны ўлічваць эканамічны стан прадпрыемства і не патрабаваць немагчымага. Папа таксама кажа пра абавязак жанчыны займацца домам і выхаваннем дзяцей таму, пры выплаце заробку рабочым, працадаўца павіннен улічваць тое, каб жонкі рабочых не былі вымушаны шукаць працы па-за домам.

Будаўніцтва справядлівага грамадства Пій ХІ бачыў магчымым праз два шляхі: шляхам рэформы самаго грамадства, грамадскіх інстытутаў, а таксама праз змену свядомасці людзей. Рэформа грамадства заключалася б у перабудове яго па карпаратыўным ўзоры. Гэта значыць, што людзі павінны аб’ядноўвацца не па класах, а па прафесіях. Толькі такі падзел на думку Папы з'яўляецца натуральным. Што тычыцца змены свядомасці людзей, Папа кажа, што вельмі важна перамагчы эканамізм, гэта значыць прагу нажывы, якая паразіла сэрцы людзей.

У справе рэалізацыі гэтых прынцыпаў Святы Айцец разлічваў на супрацоўніцтва паміж біскупамі, святарамі і свецкімі католікамі, асабліва тымі, хто уключыўся ў арганізацыю "Каталіцкай акцыі", якую стварыў Пій ХІ і якая дзейнічае да сённяшняга дня.

На гэтым мы развітваемся да наступнага тыдня, калі мы пагаворым аб наступніку Пія ХІ папе Піі XII і яго ўкладзе ў развіццё сацыяльнай навукі Касцёла. Пахвалёны Езус Хрыстус!







All the contents on this site are copyrighted ©.