2010-11-18 16:28:10

Homo caritatis. Гісторыя сацыяльнага навучання Касцёла


Патрэба ў папскім навучанні аб сацыяльным жыцці людзей наспела напрыканцы ХІХ стагодзя. Самая першая сацыяльная энцыкліка Rerum Novarum была напісана ў 1891 годдзе, Папам Львом ХІІІ. Гэтая энцыкліка была рэакцыяй Пантыфіка на цяжкае становішча, у якім апынуўся рабочы клас: беднасць, несправядлівасць з боку уладальнікаў прадпрыемстваў, шкодныя ўмовы працы, чатырнаццаці- або нават шаснаццацігадзіны працоўны дзень, рабочыя былі нават пазбаўлены права на аб’яднанне. Канешне, Касцёл не мог застацца ў баку ад такіх грамадскіх праблемаў і таму выступіў у абарону інтарэсаў і правоў рабочага класу. Так з’явілася першая сацыяльная энцыкліка, якая стала заклікам да дзеяння шматлікіх біскупаў, святароў і свецкіх, якія імкнуліся рэалізаваць у жыцці тыя крытэрыі, якія прапанаваў Леў ХІІІ. Энцыкліка Rerum Novarum стала ўзорам і для наступных папаў, якія таксама пачалі выказвацца аб грамадскіх праблемах свайго часу.

Наступная энцыкліка была напісана ўжо ў іншых гістарычных умовах – яе выдаў папа Пій ХІ праз сорак год пасля Rerum novarum. Энцыкліка так і называецца – Саракавы Год - Quadregesimo Anno. Папа пісаў яе ў часы сусветнага эканамічнага крызісу, які прынёс новыя грамадскія праблемы. Гэты дакументы былі адрасаваны не толькі рабочым, але людзям усіх прафесій і заняткаў.

Затым Святы Айцец Пій ХІІ, які кіраваў Касцёлам падчас Другой сусветнай вайны, а таксама падчас “халоднай вайны”, не напісаў ніводнай сацыяльнай энцыклікі, але вельмі каштоўнымі для сацыяльнага навучання з’яўляюцца яго радыёпасланні, якія папа рабіў перад кожным Божым Нараджэннем. Пій ХІІ быў першым з пантыфікаў, які пачаў шырока выкарыстоўваць сродкі масавай інфармацыі, а менавіта радыё, каб распаўсюджваць Евангелле і навучанне аб годнасці і правах чалавека.

Пасля Другой Сусветнай вайны адбыліся шматлікія грамадскія, палітычныя, культурныя перамены. Гэта не магло не паўплываць на характар каталіцкага сацыяльнага навучання. Перад Касцёлам, станавіліся больш цяжкія заданні – не толькі нагадваць аб хрысціянскіх прынцыпах і папярэджваць людзей аб магчымых сацыяльных праблемах, але станавіцца больш дынамічным, больш адчувальным да пераменаў, каб хутка аналізаваць іх і даваць канкрэтныя рашэнні для пераадольвання ўзнікшых праблем.

У гэтым кантэксце вельмі важнымі сталі энцыклікі Папы Яна ХХІІІ - Mater et magistra і Pacem in terris, а таксама рашэнні Другога Ватыканскага Сабору, на якім Касцёл кардынальна перагледзеў сваю пазіцыю адносна праблемаў чалавецтва. Тэолагі і эксперты, разважаючы над тэалагічнымі пытаннямі імкнуліся фармуліраваць іх такім чынам, каб яны станавіліся адказам на актуальныя праблемы і патрэбы не толькі вернікаў, але ўсяго грамадства. На заканчэнне Сабору, у 1965 годзе была прынята Канстытуцыя аб ролі Касцёла ў сучасным свеце, якая называецца Gaudium et spes (Радасць і надзея), і якая таксама з’яўляецца важнай для сацыяльнага навучання Касцёла.

Праз два гады пасля заканчэння працы сабору наступны папа Павел VI, у сваёй энцыкліцы Populorum progressio (Развіццё народаў), закрануў новыя праблемы грамадства, такія як: сацыяльная камунікацыя, правы жанчын, экалагічныя праблемы, урбанізацыя, праблемы міграцыі і дэскрымінацыі. Папа крытыкаваў нацыяналізм і ўтапічныя тэорыі і ідэалогіі. Павел VI казаў, што для сапраўднага развіцця ўсіх народаў неабходна ахапіць увесь спектр чалавечых праблем: эканамічных, грамадскіх, культурных, духоўных.

Нарэшце, праблемы грамадства былі заўсёды вельмі блізкія для папы Яна Паўла ІІ, які прысвяціў ім тры энцыклікі: Laborem exercens, Sollicitudo rei socialis i Centessimus annus. Святы Айцец заклікаў да барацьбы з новымі формамі беднасці, якія закранулі грамадства. Папа казаў: “У сучасным свеце ўзнікаюць шматлікія формы беднасці – не толькі эканамічнай, але і культурнай і духоўнай. Узрастае культура спажывецтва, якая разбурае чалавека – наркотыкі, парнаграфія – гэтыя формы спажывецтва, прыводзяць да духоўнага спусташэння чалавека”. Такім чынам сацыяльнае пасланне Евангелля з’яўляецца натхненнем да дзеяння. Словы Хрыста: што вы зрабілі аднаму з найменьшых братоў маіх – мне зрабілі, павінны стацца заданнем для кожнага хрысціяніна. Ян Павел ІІ падкрэсліваў, што абвяшчэнне Евангелля ў сучасным свеце павінна ўключаць у сябе і абвяшчэнне сацыяльнага вучэння, якое здольнае адказаць на выклікі часу.

Нарэшце апошняя энцыкліка прысвечаная грамадскім праблемам, была напісана Святым айцом Бэнэдыктам XVI у 2009. Гэтая энцыкліка называецца Caritas in veritate – Любоў у праўдзе. У энцыкліцы Папа кажа аб тым, што любоў, якая бачыцца ў праўдзе, з’яўляецца “галоўнай сілай для сапраўднага развіцця кожнага чалавека і ўсяго чалавецтва”. Бэнэдыкт XVI заклікае людзей знайсці найглыбейшы сэнс чалавечай дзейнасці ў любові да праўды (гэта значыць да Бога) і да іншых людзей. З такой пазіцыі Бэнэдыкт ХVI аналізуе сучасныя эканамічныя, грамадскія, палітычныя, культурныя і рэлігійныя праблемы.
Падрабязна аб папскіх энцыкліках якія склалі сацыяльнае навучанне Касцёла мы будзем размаўляць у наступных праграмах. Добрага тыдня! Пахвалёны Езус Хрыстус!








All the contents on this site are copyrighted ©.