2010-11-17 15:42:35

Бэнэдыкт XVI прысвяціў агульную аўдыенцыю св. Юліяне з Карнільёна


RealAudioMP3 Да аднаўлення веры ў сапраўдную прысутнасць Хрыста ў Эўхарыстыі заахвоціў вернікаў Святы Айцец Бэнэдыкт XVI падчас агульнай аўдыенцыі, якая адбылася 17 лістапада 2010 г. Катэхезу Папа прысвяціў св. Юліяне з Карнільёна.

"Дарагія браты і сёстры!сказаў Папа.

Сёння я хацеў бы вас пазнаёміць з жанчынай, аб якой узгадваецца даволі рэдка, але якую Касцёл паважае не толькі за святасць яе жыцця, але таксама за яе вялікую стараннасць ва ўстанаўленні адной з самых важных літургічных урачыстасцяў году, урачыстасці Божага Цела. Я гавару аб Юліяне з Карнільёна, якая узгадваецца таксама, як Юліяна з Льежа. Мы ведаем аб яе жыцці перш за ўсё з яе біяграфіі, у якой сабраны розныя сведчанні людзей якія асабіста ведалі святую.

Юліяна нарадзілася паміж 1191 і 1192 годам каля Льежа ў Бельгіі. Важна узгадаць гэтае месца, таму што ў той час дыяцэзія Льеж была сапраўдным “Эўхарыстычным вячэрнікам”. Яшчэ да Юліяны, выдатныя тэалогі адлюстравалі найвышэйшую каштоўнасць Сакрамэнту Эўхарыстыі, і ў Льежы ўжо існавалі жаночыя групы прысвечаныя эўхарыстычнаму культу, у якіх жанчыны жылі разам, молячыся і займаючыся справамі міласэрнасці.

Застаўшыся сіратой у 5 гадоў, Юліяна са сваёй сястрой Агнэс была перададзена на папячэнне манахіням аўгусціньянкам у кляшторны шпіталь у Монт Карнільён. Выхаваннем дзяўчыны займалася сястра, якую звалі Сапіенца – Мудрасць. Яна клапацілася аб духоўным росце Юліяны, пакуль тая не атрымала манаскага адзення і не стала сястрой аўгусціяньянкай. Юліяна атрымала вельмі добрую адукацыю, чытала Айцоў Касцёла на лацінскай мове, асабліва св. Аўгусціна і св. Бернарда. Акрамя выдатнага розуму яна мела асаблівую схільнасць да медытацыі; мела глыбокае адчуванне прысутнасці Хрыста, якога пазнавала жывучы сакрамэнтам Эўхарыстыі і разважаючы над словамі Езуса: “Я з вамі ва ўсе дні, аж да сканчэння свету” (Мц 28,20).

У сямнаццаць гадоў Юліяна бачыла першае аб’яўленне, якое потым паўтаралася шмат разоў падчас эўхарыстычнай адарацыі. У аб’яўленні яна бачыла луну якую раздзяляла цёмная паласа. Пан даў ёй зразумець значэнне таго, што яна бачыла. Луна сімвалізавала жыццё Касцёла на зямлі, а матавая лінія азначала адсутнасць аднаго літургічнага свята, аб устанаўленні якога Пан прасіў паклапаціцца Юліяну: свята, у якое вернікі маглі б сузіраць Эўхарыстыю для ўзрастання ў веры, у практыкавання цнотаў, а таксама выпраўлення крыўдаў, якія яны прычынілі Найсвяцейшаму Сакрамэнту.

На працягу дваццаці гадоў Юліяна, якая праз некаторы час стала настаяцельніцай кляштару, захоўвала ў таямніцы гэтае аб’яўленне, якое напаўняла радасцю яе сэрца. Потым яна даверылася двум другім сёстрам, якія асабліва шанавалі Эўхарыстыю, благаслаўлёнай Еве, якая была заўсёды ў кляўзуры, і Ізабэле, якая ўступіла ў кляштар Монт-Карнільён. Тры жанчыны стварылі свайго роду “духоўны саюз”, з мэтай праслаўлення Найсвяцейшага Сакрамэнту. Яны пажадалі уключыць у гэтыю справу яшчэ вельмі паважанага святара, Яна Лазанскага, каноніка касцёла св. Марціна у Льежы, просячы яго распавесці аб тым, што яны мелі ў сэрцы тэолагам і касцёльным уладам. Адказ быў пазітыўны і сцвярджальны.

Тое, што адбылося са св. Юліянай з Карнільёна, паўтараецца часта ў жыцці святых: каб мець упэўненасць што натхненне паходзіць ад Бога, трэба заўсёды маліцца, цярпяліва чакаць, шукаць сяброўства з добрымі душамі, і давяраць рашэнне пастырам Касцёла. Менавіта біскуп Льежа Рабэрта дэ Таўрот пасля некаторага роздуму, прыняў прапанову Юліяны і яе сяброў і ўстанавіў урачыстаць Божага Цела ў сваёй дыяцэзіі. Пазней, іншыя біскупы таксама устанавілі гэтае цудоўнае свята на сваіх тэрыторыях.

У святых Пан вельмі часта просіць прайсці выпрабаванні, каб іх вера мацнела. Так здарылася і з Юліянай, якой прыйшлося вытрымаць супрацьстаяння з боку некаторых прадстаўнікоў святаства, ў тым ліку і ўласнага настаяцеля. Тады, па свайму жаданню, Юліяна з некаторымі паплечніцамі пакінула кляштар Монт-Карнільён, і на працягу дзесяці год, з 1248 па 1258, павінна была шукаць прытулку ў розных кляштарах сясцёр цыстэрыянак. Адносілася да ўсіх са сціпласцю, ніколі не крытыкавала сваіх ворагаў і працягвала самааддана распаўсюджваць эўхарыстычны культ. Яна памерла ў 1258 годзе у Фосэ Ля Віль у Бельгіі. У пакоі, дзе яна ляжала быў выстаўлены Найсвяцейшы Сакрамэнт, і як узгадвае яе біёграф, яна памерла да апошняга моманту сузіраючы Езуса Эўхарыстычнага, якога заўсёды любіла, праслаўляла і шанавала.

Да ўстанаўлення свята Божага Цела прычыніўся таксама Джакобо Панталеон дэ Троэс, які ведаў святую калі быў яшчэ арцыдыяканам у Льежы. Менавіта ён, калі стаў Папам Урбанам VI, у 1264 годзе, устанавіў урачыстасць Божага Цела як свята для ўсяго паўсюднага Касцёла. У сваёй булле ён узгадаў таксама містычны вопыт Юліяны: “ХоцьЭўхарыстыя урачыста шануецца кожны дзень, лічу справядлівым, каб, хоць раз у год, яна шанавалася і ўзгадвалася яшчэ больш урачыста. Ёсць шмат рэчаў аб якіх мы памятаем, і якія мы адчуваем духам і розумам, але не бачым іх сапраўднай прысутнасці. У гэтым сакрамэнтальным успаміне Хрыста, няхай нават пад іншай постаццю, Езус Хрыстус прысутнічае побач з намі ў сваім уласным стане. У той час, калі Ён узыходзіў на неба сказаў: “Я буду з вамі ва ўсе дні, аж да сканчэння свету” (Мц 28, 20).

Я б хацеў з радасцю сцвердзіць, што сёння Касцёл перажывае “эўхарыстычную вясну”: шмат людзей знаходзяцца ў цішыні перад табернакулюмам, каб уключыцца ў інтымны дыялог з Езусам! Суцяшае веданне таго, што не малая колькасць маладых людзей адкрылі прыгажосць малітвы перад Найсвяцейшым Сакрамэнтам. Думаю, напрыклад, аб нашай эўхарыстычнай адарацыі ў Гайд Парку ў Лондане. Малюся, каб гэтая эўхарыстычная вясна распаўсюдзілася ва ўсіх парафіях, асабліва ў Бельгіі, на радзіме св. Юліяны. Шаноўны Ян Павел ІІ, у сваёй энцыкліцы “Ecclesia de Eucharistia”, адзначыў, што “у многіх месцах адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту мае месца штодня і становіцца невычэрпнай крыніцай святасці. Пабожны ўдзел вернікаў ва эўхарыстычнай працэсіі падчас урачыстасці Божага Цела і Крыві з’яўляецца ласкай Пана, які кожны год прыносіць радасць тым, хто ў ёй удзельнічае. Можна ўзгадаць і іншыя пазітыўныя прыкметы веры і эўхарыстычнай любові. (н.10).

Дарагія сябры, вернасць сустрэчы з Эўхарыстычным Хрыстом падчас нядзельнай святой Імшы з’яўляецца важнай для ўзрастання ў веры, але таксама паспрабуем прыходзіць часцей да Пана прысутнага ў табернакулюме. Гледзячы падчас адарацыі на кансэкраваную Гостыю, мы сустракаем дар Божай любові, сустракаем Цярпенне і Крыж Езуса, а таксама Яго Уваскрасенне. Менавіта праз наш позірк падчас адарацыі Пан прыцягвае нас да сябе, унутр сваёй таямніцы, каб перамяніць нас, як перамянняе хлеб і віно. Святыя заўсёды знаходзяць сілы, суцяшэнне і радасць ва эўхарыстычнай сустрэчы. Словамі эўхарыстычнага гімну “Пакланяюся з пакорай”, паўтараем перад Панам, прысутным у Найсвяцейшым Сакрамэнце: “Зрабі, каб я верыў у Цябе больш, каб у Табе меў надзею, каб я любіў цябе!”

На заканчэнне агульнай аўдыенцыі, якая адбылася сёння на Плошчы св. Пятра, Святы Айцец выказаў сваю салідарнасць з хрысціянамі Пакістана.

У гэтыя дні – сказаў Папа – міжнародная супольнасць з вялікім хваляваннем сочыць за цяжкім станам хрысціян у Пакістане, якія часта становяцца ахвярамі гвалту ці дыскрымінацыі. Сёння я асаблівым чынам падтрымоўваю духоўна Азію Бібі і яе родных, і заклікаю, каб яна была вызвалена як мага хутчэй. Таксама прашу за тых ,хто знаходзіцца ў аналагічных сітуацыях, каб іх чалавечая годнасць і фундаментальныя правы былі ў поўні паважаныя.



Папа прывітаў таксама вернікаў італьянскага Базыліката, якія былі прысутныя на Плошчы св. Пятра.

"Сардэчна вітаю пілігрымаў, якія размаўляюць на італьянскай мове. Асабліва, вернікаў Базыліката, якія прыбылі сюды са сваімі біскупамі, святарамі і прадстаўнікамі мясцовых і вайсковых уладаў, з прычыны трыццатай гадавіны разбуральнага землятрусу, які адбыўся ў іх рэгіёне. Падчас гэтай драматычнай падзеі, раны ад якой яшчэ вельмі глыбокія і жывыя ў памяці і сэрцах гэтага дарагога мне народу, з шматлікіх куткоў Італіі, прыбывала шчодрая дапамога. На мясцовым узроўні, кожны, па меры сваіх магчымасцяў, далучыўся да неабходнай дапамогі; я б хацеў падкрэсліць ролю Касцёла, які, акрамя матэрыяльнай дапамогі, нёс надзею Езуса Уваскрослага, у момант цяжкасцяў і цемры. Жадаю каб сённяшняя сустрэча, як і успамін візіту Слугі Божага Яна Паўла ІІ, які адбыўся ў тыя дні, ажывіла у хрысціянскім народзе дар веры і радасці падзяліцца ёй у вялікай сям’і Касцёла."

На заканчэнне Папа ўдзяліў усім сваё благаслаўленн.







All the contents on this site are copyrighted ©.