2010-11-16 14:29:57

Католікі і шыіты: супрацоўніцтва павінна дапамагчы адказаць на сучасныя выклікі


RealAudioMP3 “Рэлігія і грамадства сёння - хрысціянскія і мусульманскія перспектывы” – над гэтай тэмай разважалі 8-11 лістапада ў Тэгеране прадстаўнікі Арганізацыі ісламскай культуры і кантактаў і Папскай рады па міжрэлігійным дыялогу. Прэс-бюро Апостальскай Сталіцы апублікавала сёння паведамленне з гэтага ўжо сёмага такога тыпу сімпозіўма.

Сустрэча ў іранскай сталіцы прайшла пад старшынствам доктара Моххамада Бакера Хорамшада, прэзідэнта Арганізацыі ісламскай культуры і кантактаў і кардынала Жан Луі Тарана, старшыні Папскай рады па міжрэлігійным дыялогу. Удзельнікі разважалі над аспектамі суадносін рэлігіі і грамадзянскай супольнасці з пунктаў гледжання католікаў і мусульман-шыітаў: філасофскім, тэалагічным і гісторыка-прававым.

Удзельнікі пагадзіліся з тым , што “вернікі і рэлігійныя супольнасці, на аснове іх веры ў Бога, адыгрываюць асаблівую ролю ў грамадстве разам з іншымі грамадзянамі”, а таксама, што “рэлігія мае ўласцівыя сацыяльныя аспекты, якія дзяржава забавязана паважаць. Гэта спрыяе таксама інтарэсам грамадства, таму рэлігія не можа абмяжоўвацца да прыватнай сферы”. Адначасова “вернікі закліканы супрацоўнічаць у пошуку агульнага дабра на аснове трывалай сувязі паміж верай і розумам”.

Паводле дакумента, супрацоўніцтва хрысціян і мусульман, а таксама вернікаў іншых рэлігій і ўсіх людзей добрай волі, павінна дапамагчы адказаць на сучасныя выклікі, садзейнічаць падтрымцы маральных каштоўнасцяў, справядлівасці і міру, абароне сям'і, ахове навакольнага асяроддзя і прыродных рэсурсаў.

У паведамленні адзначаецца, што “вера па самой сваёй прыродзе, патрабуе свабоды”. Такім чынам, рэлігійная свабода, як неад'емнае права на чалавечую годнасць, заўсёды павінна паважацца асобамі, прадстаўнікамі грамадства і дзяржавай.

Пры выкананні гэтага фундаментальнага прынцыпу неабходна прымаць да ўвагі культурныя і гістарычныя абставіны ў кожным грамадстве, калі яны не ўваходзяць у супярэчнасць з чалавечай годнасцю.

Удзельнікі сустрэчы звярнулі ўвагу таксама на тое, што адукацыя маладога пакалення павінна быць заснаваная на пошуку праўды, духоўных каштоўнасцяў і доступу да ведаў.

Прадстаўнікі Апостальскай Сталіцы і іранскіх шыітаў, прызнаючы падабенства і паважаючы законныя адрозненні, падкрэслілі неабходнасць працягу шчырага і плённага дыялогу.







All the contents on this site are copyrighted ©.