2010-11-12 16:49:36

Кіраўнік Ватыканскага радыё адзначае 50-годдзе законных шлюбаў


12 лістапада 2010 г. прэс-сакратар Апостальскай Сталіцы, дырэктар Ватыканскага радыё і Ватыканскага тэлебачання кс. Фэдэрыко Ламбардзі SI адзначае 50-годдзе законных шлюбаў. З гэтай нагоды ён удзяліў інтэрв'ю нашаму радыё.

У інтэрв’ю кс. Ламбардзі ўзгадвае, што правёў сваё дзяцінства і маладосць у Турыне (Італія). Будучы прэс-сакратар вучыўся ў езуіцкай школе і ўдзельнічаў у скаўцкіх рухах, якія дзейнічалі ў араторыі салезіянаў. У той час будучага святара надзвычай цікавілі фізіка і альпінізм. Пасля заканчэння сярэдняй школы, ва ўзросце 18 год перад маладым чалавекам паўстала праблема выбару жыццёвага шляху. Як адзначае кс. Ламбардзі, выбар прысвячэння сябе служэнню Богу і бліжнім быў дастаткова спантанным, а рэалізацыя гэтага служэння ў Таварыстве Езуса — натуральным выбарам.

Распавядаючы аб сваім служэнні, якое нёс на працягу паўстагоддзя, святар падкрэслівае, што яно было праяўленнем паслухмянасці ў адносінах да настаяцеляў. Так праходзіла 11-гадовая праца кс. Ламбардзі ў папулярным часопісе італьянскіх езуітаў «La Civiltà Cattolica», затым кіраванне італьянскай законнай правінцыяй, праца на Ватыканскім радыё з 1991 г., на Ватыканскім тэлебачанні з 2001 г. і ў Прэс-службе Апостальскай Сталіцы з 2006 г.

Адказваючы на пытанне аб найбольш важнай хвіліне ў сваім жыцці, прэс-сакратар Апостальскай Сталіцы ўзгадвае нядаўнюю кансэкрацыю касцёла Святой Сям’і ў Барселоне. Будучы там у мінулую нядзелю ў межах візіту Папы ў Іспанію і ўдзельнічаючы ва ўрачыстасці пасвячэння цудоўнай базылікі, кс. Ламбардзі, як кажа, прыгадаў вандроўку на ровары з Турына ў Барселону, у якой пабываў у 13 год з групай скаўтаў. Прыбыўшы ў Барселону, вандроўнікі не ведалі, куды ісці далей. Убачыўшы чатыры шпілі, вырашылі рухацца ў гэтым кірунку. Так яны апынуліся ў месцы, дзе Папа ў мінулую нядзелю ўзначаліў малітву «Анёл Панскі». «Праз 50 год я змог пераканацца, як вырас гэты будынак. Падумаў таксама аб сваім жыцці, аб тым, як яно разгарнулася ў служэнні Касцёлу. Пачынаючы менавіта ад таго дня», — дадае юбіляр.







All the contents on this site are copyrighted ©.