2010-11-11 16:08:03

Бэнэдыкт XVI: Праз камунію з Целам Хрыста Касцёл становіцца ўсё больш самім сабою


RealAudioMP3 Сёння ў Ватыкане завершылася Пленарная асамблея Папскага Камітэта па Міжнародных Эўхарыстычных Кангрэсах на чале з яе старшынёй арцыбіскупам Пьеро Марыні. Яна займалася падрыхтоўкай да наступнага юбілейнага 50-га Кангрэсу, які адбудзецца ў Дубліне (Ірландыя) ў 2012 годзе.

Сення папа Бэнэдыкт XVI сустрэўся з удзельнікамі пасяджэння ў Клементынскай залі Апостальскага Палацу і звярнуў да іх словы прызнання і падтрымкі.

Святы айцец адзначыў, што праз камунію з Целам Хрыста Касцёл становіцца ўсё больш самім сабою: таямніцай адзінства “вертыкальнага” і “гарызантальнага” пасярод чалавечага роду. Семю раз’яднання, укарэненага ў чалавеку першародным грахом, аб чым сведчыць штодзённасць, супрацьстаіць адраджальная сіла адзінства Цела Хрыста. Эўхарыстыя, якая няспынна фарміруе Касцёл, стварае таксама адзінства паміж людзьмі.

Папа адзначае, што асамблея прыпадае на 50-ю гадавіну Эўхарыстычнага Кангрэса ў Мюнхене, які паказаў важнасць такіх высокіх касцёльных мерапрыемстваў.

У 2012 годзе Кангрэс у Дубліне будзе юбілейным. Ён адбудзецца ў 50-ю гадавіну адкрыцця ІІ-га Ватыканскага Сабору і пройдзе пад дэвізам “Эўхарыстыя: Камунія з Хрыстом і між намі”.

Задачы Эўхарыстычных Кангрэсаў, асабліва сёння, рабіць уклад у новую евангелізацыю, пачынаючы з літургіі і праз літургію.

Напрыканцы Папа Бэнэдыкт XVI пажадаў арганізатарам Эўхарыстычных Кангрэсаў захоўваць і памнажаць багацце Касцёла, гарманізуючы і ажыўляючы розныя формы хвалы Богу праз Эўхарыстыю.







All the contents on this site are copyrighted ©.