2010-11-10 15:39:22

Святы Айцец прысвяціў агульную аўдыенцыю свайму падарожжу ў Іспанію


RealAudioMP3 На значэнне падтрымкі сужэнства і сям’і ўказаў Святы Айцец Бэнэдыкт XVI падчас агульнай аўдыенцыі, якая адбылася 10 лістапада 2010 г. Катэхезу Папа прысвяціў сваёй нядаўняй паездцы ў Санцьяга дэ Кампастэла і Барселону (Іспанія).

Дарагія браты і сёстры!

Сёння я хацеў бы ўзгадаць аб маім апостальскім падарожжы ў Санцьяга дэ Кампастэла і Барселону, якое я меў радасць здзейсніць у мінулую суботу і нядзелю. Я накіраваўся туды, каб умацаваць у веры маіх братоў (пар. Лк 22, 32); я зрабіў гэта, як сведка Уваскрослага Хрыста, як сейбіт надзеі, які не расчароўвае і не падманвае, таму што яго паходжанне ў бясконцай любові Бога да ўсіх людзей.

Першым этапам стала Санцьяга дэ Кампастэла. У катэдры, па традыцыі абняўшы статую святога Якуба, я падумаў, што праз гэты сардэчны і сяброўскі жэст выражаецца далучэнне да ягоных словаў і ўдзел у ягонай місіі. Моцны знак прагнення выканання апостальскага паслання, у якім, з аднаго боку, святы запрашае нас быць вернымі абаронцамі Добрай Навіны, перададзенай нам апосталамі, не ўводзячы ў спакусу, не памяншаючы яго і не змяняючы дзеля сваіх інтарэсаў, і з іншага боку, перамяняе кожнага з нас ў тых, хто нястомна абвяшчае веру ў Хрыста словам і жыццёвым сведчаннем ва ўсіх сферах грамадства.

Убачыўшы колькасць пілігрымаў, прысутных на урачыстай святой Імшы, якую я меў вялікую радасць цэлебраваць у Санцьяга, я разважаў аб тым, што прымушае такую вялікую колькасць людзей пакінуць свае штодзённыя справы і вырушыць у пакутнае падарожжа да Кампастэла, падарожжа доўгае і складанае: гэта жаданне дасягнуць святла Хрыстовага, якое ёсць у глыбіні сэрца, але якое людзі часта не ведаюць як выказаць словамі. У моманты страт, пошукаў, цяжкасцяў, як і ў імкненні ўмацавацца ў веры і жыць больш паслядоўна, пілігрымы ў Кампастэла прымаюць глыбокі шлях навяртання да Хрыста, які узяў на сябе слабасці, грэх чалавецтва, беднасць свету, заносячы іх туды, дзе зло больш не мае моцы, дзе святло дабра асвятляе кожную рэч. Гэта народ маўклівых падарожнікаў, якія паходзяць з розных куткоў свету, якія нанава адкрываюць старажытную традыцыю сярэднявечнай і хрысціянскай пілігрымкі, праходзячы вёскі і гарады, пранікнутыя каталіцызмам.

У гэтай урачыстай Эўхарыстыі, перажытай шматлікімі вернікамі, якія прысутнічалі і актыўна і аддана ў ёй ўдзельнічалі, я рупліва прасіў за тых, хто вырушае ў пілігрымку да Санцьяга, каб яны маглі атрымаць дар стаць сапраўднымі сведкамі Хрыста, якога нанава адкрылі на перакрыжаваннях маляўнічых шляхоў да Кампастэла.

Менавіта вера ў Хрыста, якая дае сэнс Кампастэла, месцу сапраўды незвычайнаму, якое працягвае быць кропкай апоры для сённяшняй Еўропы з яе новымі канфігурацыямі і перспектывамі. Захаванне і ўзмацненне адкрытасці на трансцэндэнтнага, падобна плённаму дыялогу паміж розумам і вераю, палітыкай і рэлігіяй, эканомікай і этыкай, дазволіць збудаваць Еўропу, верную сваім хрысціянскім караням, якая можа адказаць на сваё пакліканне і місію ў свеце. Таму я, верачы ў магчымасці Еўрапейскага кантыненту і ў яго будучыню надзеі, запрасіў Еўропу ўсё больш адкрывацца на Бога, каб спрыяць такім чынам перспектывам сапраўднай сустрэчы, поўнай павагі і салідарнасці з насельніцтвамі і цывілізацыямі іншых кантынентаў.

У нядзелю ў Барселоне я меў вялікую радасць здзейсніць асвячэнне касцёла св. Сям’і, які я абвясціў Базылікай Меншай. Касцёл св. Сям’і быў задуманы і спраектаваны Гаўдзі як катэхеза Езуса Хрыста, як спеў праслаўлення Стварыцеля. У гэтым велічным будынку ён змясціў сваю геніяльнасць дзеля служэння прыгажосці. Сапраўды, надзвычай выразная і сімвалічная здольнасць формаў і мастацкіх матываў, як і архітэктурныя і скульптурныя тэхнічныя навінкі, праслаўляюць найвышэйшую Крыніцу прыгажосці. Знакаміты архітэктар лічыў дадзеную сваю працу місіяй, у якую была ўключана ўся яго асоба. Ад моманту, калі прыняў заданне пабудаваць гэты касцёл, ягонае жыццё было пазначана вялікімі зменамі. Ён пачынае практыкаваць інтэнсіўную малітву, пост і беднасць, разумеючы неабходнасць духоўнай падрыхтоўкі да выражэння ў матэрыяльнай рэальнасці неспасцігальнай таямніцы Бога. Можна сказаць, што ў той час, калі Гаўдзі будаваў храм, Бог будаваў у ім духоўны будынак (пар. Еф 2, 22), умацоўваючы ў веры і набліжаючы ўсё бліжэй да Хрыста. Чэрпаючы натхненне ад прыроды, Божага стварэння і цалкам акунаючыся ў пазнанне Святога Пісання і літургіі, ён змог рэалізаваць у сэрцы горада будынак, годны Бога, і таму, годны чалавека.

У Барселоне я таксама наведаў Цэнтр Дзіцятка Езуса, ініцыятыву, якая налічвае больш за сто год, моцна звязаную з мясцовай архідыяцэзіяй, дзе з прафесіяналізмам і любоўю аказваецца клопат аб дзецях і моладзі з асаблівасцямі развіцця. Іх жыцці вельмі каштоўныя ў вачах Бога і яны няспынна запрашаюць нас выйсці з нашага эгаізму.

Знаходзячыся ў Барселоне, я маліўся за сем’і, поўныя жыцця і надзеі клеткі грамадства і Касцёла. Я ўзгадаў таксама тых, якія церпяць, асабліва ў гэтыя моманты эканамічных цяжкасцяў. Я звярнуўся таксама да моладзі, якая суправаджала мяне з энтузіязмам і радасцю, каб яны адкрылі прыгажосць, каштоўнасць і заданне сужэнства, у якім мужчына і жанчына ствараюць сям’ю, якая велікадушна прымае жыццё і суправаджае яго ад зачацця аж да яго натуральнага канца. Усё тое, што робіцца дзеля падтрымкі шлюбу і сям’і, дзеля дапамогі найбольш патрабуючым асобам, усё тое, што спрыяе ўзрастанню велічы чалавека і яго непарушнай годнасці, садзейнічае ўдасканаленню грамадства. Ніякае намаганне у гэтым накірунку не будзе дарэмным.

Дарагія сябры, дзякую Богу за гэтыя дні, якія я правёў у Санцьяга дэ Кампастэла. Яшчэ раз дзякую каралю і каралеве Іспаніі, князям Астурыі і ўсім іншым уладам. Яшчэ раз скіроўваю свае ўдзячныя думкі да братоў арцыбіскупаў гэтых двух асаблівых касцёлаў і іх супрацоўнікаў, а таксама да ўсіх зацікаўленых у тым, каб мой візіт у гэтыя два цудоўныя горада прынёс шматлікія плёны.

Няхай Бог адудзячыць усім так, як толькі Ён можа гэта ўчыніць; няхай Найсвяцейшая Маці Божая і апостал Якуб і надалей суправаджаюць сваёй апекай вашае падарожжа. У наступным годзе, калі Бог дазволіць, я зноў буду ў Іспаніі, у Мадрыдзе, на Сусветным дні моладзі. Давяраю вашай малітве гэтую ініцыятыву, каб яна стала для моладзі магчымасцю ўзрастання ў веры.”







All the contents on this site are copyrighted ©.