2010-11-10 11:16:50

Епіскап, які пакідае Англіканскую Царкву, параўнаў яе з сеццю кафейняў, што губляе сваіх кліентаў


RealAudioMP3 Епіскап Эндру Бэрнхэм, адзін з пяці англіканскіх іерархаў, якія аб’явілі аб сваім пераходзе ў каталіцызм, параўнаў сучасную Англіканскую Царкву з кафейнай сеццю, якая губляе кліентаў з-за неадпаведнасці прапануемых страваў назве арганізацыі.

«Калі б кафейная сець „Коста кофе“ кожны раз прапаноўвала розныя меню, а вы б нават не ведалі, што гэта за прадукт, яна б закрылася… У Царкве Англіі мы зараз маем столькі розных „прадуктаў“, што проста не ведаеш, што атрымліваеш», — цытуе епіскапа Бэрнхэма брытанская газета «Дэйлі тэлеграф».

Па словах епіскапа, як паведамляе інфармацыйнае агенцтва «Интерфакс», сёння веруючыя людзі, заходзячы ў тую ці іншую англіканскую святыню, ужо не ведаюць, што іх там чакае: адны прыходы праводзяць традыцыйныя набажэнствы, іншыя прызначаюць жанчын-святароў.

«Царква Англіі вырашыла, нібыта можа мець уласнае меркаванне аб тым, што ёй можна рабіць. А гэта знак таго, што Царква забываецца, адкуль яна з’явілася», — дадаў іерарх.

У сваю чаргу епіскап Кіт Ньютан, які таксама пераходзіць у каталіцызм, заявіў, што яго рознагалоссі з Англіканскай Царквой больш сур’ёзныя, чым пытанне аб святарстве сярод жанчын. У апошні час, як адзначыў, у Англіканскай Царкве адзначыўся ліберальны падыход да такіх маральных пытанняў, як благаслаўленне аднаполых пар і аборты. Па словах епіскапа Ньютана, сёння «не ведаеш напэўна, за што ж выступае Царква Англіі».

На днях пяць англіканскіх епіскапаў аб’явілі аб сваім пераходзе ў каталіцызм з прычыны непрыняцця ліберальных рэформ, якія праводзіць Англіканская Царква.

У сувязі з гэтым Каталіцкі Касцёл Англіі і Уэльса аб’явіў, што вітае рашэнне біскупаў, у той час як глава Англіканскага саюза архіепіскап Кентэрберыйскі Роўэн Уільямс выказаў свой жаль у сувязі з распачаццем расколу ў Англіканскай Царкве.







All the contents on this site are copyrighted ©.