2010-11-08 14:51:33

Вялікабрытанія: пяць англіканскіх біскупаў увайшлі ў Каталіцкі Касцёл


RealAudioMP3 Пяць англіканскіх біскупаў прынялі рашэнне аб уваходзе ў Каталіцкі Касцёл праз структуру персанальнага ардынарыяту. Аб гэтым 8 лістапада 2010 г. паведаміў біскуп Алан Хоўпс, адказны ў каталіцкім епіскапаце Англіі і Уэльса за рэалізацыю апостальскай канстытуцыі «Anglicanorum coetibus».

У апублікаваным у Лондане паведамленні інфармуецца, што каталіцкі епіскапат з задавальненнем прымае рашэнне біскупаў Эндру Бэрнхэма, Кіта Ньютана, Эдвіна Барнэса, Джона Броўдхарста і Дэвіда Сілка аб поўнай камуніі з Каталіцкім Касцёлам праз ардынарыят для Англіі і Уэльса. Утвораны ён будзе ў адпаведнасці з апостальскай канстытуцыяй «Anglicanorum coetibus».

Біскуп Хоўпс адзначае, што падчас запланаванага на будучы тыдзень пленарнага пасяджэння епіскапату Англіі і Уэльса біскупы ўздымуць пытанне адносна ўстанаўлення ардынарыяту і «сардэчнага прыняцця усіх тых, хто жадае да яго належаць».

Пяць біскупаў у накіраванай сёння заяве сцвярджаюць, што будуць спаўняць свае душпастырскія абавязкі ў Англіканскай Царкве да 31 снежня гг., пасля чаго ўвойдуць у персанальны ардынарыят. Англіканскія біскупы прызнаюць, што надышла хвіліна, калі мусяць публічна паінфармаваць аб сваёй пазіцыі і заахвоціць іншых, каб далучыліся да іх. Адзінства, як падкрэсліваюць, магчыма толькі ў эўхарыстычнай камуніі з наступнікам св. Пятра.

Трое з гэтых біскупаў — Кіт Ньютан, Эндру Бэрнхэм і Джон Броўдхарст — выступаюць супраць пасвячэння ў святары жанчын.

Апостальская канстытуцыя «Anglicanorum coetibus» была абвешчана Бэнэдыктам XVI 4 лістапада 2009 г., а Кангрэгацыя Веравучэння выдала дадатковыя нормы. Яна мае ўніверсальны характар і з’яўляецца базай, якая дазваляе весці размовы з парафіямі і дыяцэзіямі, што належаць да супольнасці Касцёла. Для былых англіканскіх вернікаў захоўваюцца ардынарыяты, якія дазваляюць ім увайсці ў поўную еднасць з Касцёлам, захоўваючы ў той жа час спецыфічныя элементы духоўнай і літургічнай спадчыны Англіканскай Царквы. Біскуп-ардынарый будзе абірацца з ліку былога англіканскага духавенства. Жанатыя святары, якія вырашаць з’яднацца з Рымам, змогуць атрымаць святарскія пасвячэнні. Ардынарыі, якімі могуць стаць біскупы альбо жанатыя святары, будуць уваходзіць у склад Канферэнцыі Біскупаў дадзенай краіны.







All the contents on this site are copyrighted ©.