2010-11-08 10:28:30

Бэнэдыкт XVI у Іспаніі: Новыя тэхналагічныя распрацоўкі не павінны прыносіць шкоду павазе да чалавечага жыцця


RealAudioMP3 У другой палове дня 7 лістапада Святы Айцец наведаў цэнтр “Дзіцяці Езус”, у якім знаходзяцца дзеці з сіндромам Даўна, а таксама іншымі псіхічнымі захворваннямі з найбольш патрабуючых сем'яў. Супрацоўнікі шпіталя апякуюцца 250 пацыентамі, якім ад 3 да 21 года. Тут таксама знаходзіцца школа, якая падрыхтоўвае дзецей да інтэграцыі ў дарослае жыццё.

Папа падзякаваў усім, хто ўдзельнічае ў высакароднай справе дапамогі хворым.

“У той час, - сказаў ён - калі шматлікія сем'і сутыкаюцца з сур'ёзнымі эканамічнымі цяжкасцямі, паслядоўнікі Хрыста павінны памнажаць жэсты канкрэтнай эфектыўнай і пастаяннай салідарнасці, паказваючы такім чынам, што дабрачыннасць з'яўляецца адметнасцю нашага хрысціянскага жыцця.

Касцёл жадае ажыццяўляць словы Пана з Евангелля: “Я кажу вам, што зрабілі аднаму з меншых братоў Маіх, Мне зрабілі” (Мц. 25, 40). На гэтай зямлі, гэтыя словы Хрыста заахвоцілі многіх сыноў і дачок Касцёла, каб прысвяціць сваё жыццё дапамозе і апецы над хворымі і інвалідамі.”

Святы Айцец звярнуўся таксама да тэмы новых медыцынскіх распрацовак і іх уплыву на жыццё чалавека. “У апошнія дзесяцігоддзі, выдатныя дасягненні ў галіне медыцыны ўнеслі вялікі ўклад у апеку над найбольш патрабуючымі. Неабходна, каб новыя тэхналагічныя распрацоўкі ў галіне медыцыны ніколі не прыносілі шкоду павазе да чалавечага жыцця і годнасці, каб тыя, хто пакутуе ад захворвання або нядугу фізічнага ці псіхічнага заўсёды маглі атрымаць патрэбную любоў і павагу, каб адчуваць сваю каштоўнасць як асобы у сваіх канкрэтных патрэбах.”

На прыканцы Папа звярнуўся да пацыентаў цэнтра: “Дарагія дзеці і моладзь, я дзяку Богу за ваша жыццё, дорагое ў Яго вачах, і запэўніваю вас у тым, што вы займаеце асаблівае месца ў сэрцы Папы. Я малюся за вас кожны дзень і прашу вас дапамагчы мне вашымі малітвамі добрасумленна выконваць місію, ускладзеную на мяне Хрыстом.”

Пасля наведвання цэнтра “Дзіцяці Езус” картэж са Святым Айцом скіраваўся ў бок аэрапорта Барселоны. Там адбылася кароткая прыватная сустрэчы Пантыфіка з прэм’ер-міністрам Іспаніі Хасэ Луісам Сапатэро. Пасля развітальнай цырымоніі каля 19.15 мясцовага часу самалёт з Папам накіраваўся ў Рым.







All the contents on this site are copyrighted ©.