2010-11-06 15:23:03

“Праўда і свабода цесна і непазбежна спалучаныя паміж сабой”. Бэнэдыкт XVI у катэдры Санц'яга-дэ-Кампастэла (поўны тэкст)


RealAudioMP3 Пасля цырымоніі прывітання ў аэрапорце папа Бэнэдыкт XVI адправіўся ў катэдральны касцёл Санц'яга-дэ-Кампастэла.

Прыбыўшы ў катэдру, Святы Айцец спачатку наведаў капліцу Найсвяцейшага Сакрамэнту дзе некаторы час маліўся ў маўчанні. Затым Бэнэдыкт XVI прайшоў праз так званыя Святыя Дзверы. Яны застаюцца пастаянна закрытымі за выключэннем юбілейных гадоў, калі мільёны пілігрымаў праходзяць праз іх.

Святы Айцец прайшоў праз дзверы, каб благаславіць вернікаў, якія сабраліся ля храма. Там жа ён атрымаў адмысловы плашч - сімвал пілігрыма.

Папа звярнуўся да сабраных са сваімі словамі:

“Эмінэнцыі Кардыналы,
Дарагія Браты ў Біскупстве,
Шаноўныя Улады,
Дарагія святары, семінарысты, законнікі і законніцы,
Дарагія браты і сёстры,
Сябры.

Дзякую Яго Эксцэленцыі Хуліо Барыо Барыо, арцыбіскупу Санц'яга-дэ-Кампастэла, за яго цёплыя словы, толькі што звернутыя да мяне, на якія з задавальненнем адказваю, вітаючы ўсіх вас з любоўю ў Пану і ўдзячнасцю за вашу прысутнасць у гэтым вельмі знакамітым месцы

Пілігрымка не з’яўляецца простым наведваннем нейкага месца, каб палюбавацца яго скарбамі: прыроднымі, мастацкімі або гістарычнымі. Пілігрымаваць на самой справе значыць, забыўшыся на саміх сабе, шукаць сустрэчы з Богам там, дзе ён аб’явіў сябе, дзе Яго ласка вызначылася асабліва цудоўна і дала багаты плён навяртання і святасці сярод вернікаў.

Перш за ўсё, хрысціяне вырушаюць у пілігрымку да Святой Зямлі, у месцы, звязаныя з мукамі, смерцю і ўваскрасеннем Пана. Потым - у Рым, горад пакутніцкай смерці святых Пятра і Паўла, а таксама ў Кампастэлу, якая звязана з постаццю святога Якуба і прымае пілігрымаў з усяго свету ў іх жаданні ўмацаваць дух з дапамогай сведчання веры і любові Апостала Хрыста.

Сёлета, у Святы Кампастэліянскім Год, я як Наступнік Пятра таксама пажадаў прыбыць ў "Дом святога Якуба", які рыхтуецца да святкавання васьмісотгоддзя свайго асвячэння. Я прыбыў сюды, каб падмацаваць вас у веры і ажывіць вашу надзею, каб даручыць вашыя імкненні, цяжкасці і евангельскае служэнне заступніцтву апостала.

Сузіраючы яго сапраўдны вобраз, я маліўся за ўсіх дзяцей Касцёла, народжанага ў таямніцы камуніі з Богам. Праз веру мы ўведзеныя ў таямніцу любові, якою з'яўляецца Найсвяцейшая Тройца. Мы, у пэўным сэнсе, знаходзімся ў абдымках Бога, перамененыя Яго любоўю.

Касцёл - гэта абдымкі Бога, у якіх людзі вучацца таксама абдымаць сваіх братоў і сёсцёр, адкрываючы ў іх вобраз і падабенства Божыя, што з'яўляецца найглыбейшай праўдай іх сутнасці і крыніцай сапраўднай свабоды.

Праўда і свабода цесна і непазбежна спалучаныя паміж сабой. Шчыры пошук і імкненне да праўды, натхненне ў ёй, з'яўляецца ўмовай аўтэнтычнай свабоды. Немагчыма аднаму існаваць без другога. Касцёл, які усімі сіламі жадае служыць чалавеку і яго годнасці, стаіць на службе як праўды, так і свабоды. Не можа адмовіцца ад гэтай ролі, таму што на карту пастаўлена самая сутнасць чалавека, таму што кіруецца любоўю да чалавека, таго "хто ёсць адзінай істотай на зямлі, якую Бог пажадаў дзеля Сябе самога" (Gaudium et Spes, 24); і таму, што без імкнення да праўды, справядлівасці і свабоды чалавек губляе самога сябе.

Дазвольце мне, з Кампастэлы, духоўнага сэрца Галісіі і, ў той жа час, школы ўніверсальнасці без межаў, заклікаць усіх вернікаў гэтай любай архідыяцэзіі, і ўсіх, хто належыць да Касцёла ў Іспаніі, каб жылі, асветленыя праўдай Хрыста, вызнаючы веру з радасцю, паслядоўнасцю і простасцю – у хаце, на працы і праз выкананне грамадзянскіх абавязкаў.

Няхай радасць свядомасці быць любымі Богу накіроўвае вас да ўсё большае любові да Касцёла, каб вы супрацоўнічалі ў яго намаганні адкрываць Хрыста ўсім людзям.

Маліцеся да Пана жніва, каб станавілася больш маладых людзей, якія гатовы прысвяціць сябе місіі святарскага служэння і законнага жыцця: сёння, як заўсёды, варта прысвяціць сваё жыццё абвяшчэнню Евангельскай навіны.

Я не магу скончыць, не выказаўшы віншавання і ўдзячнасці ўсім католікам Іспаніі за шчодрасць, з якой яны падтрымліваюць так шмат дабрачынных устаноў дзеля развіцця чалавека. Не стамляйцеся працягваць гэтую працу, якая прыносіць карысць усяму грамадству, і эфектыўнасць якой асабліва заўважальная ў цяперашні час эканамічнага крызісу, а таксама падчас сур'ёзных стыхійных бедстваў, якія закранулі некаторыя краіны.

З гэтымі пачуццямі прашу Усемагутнага Бога даць усім вам адвагу, з якой святы Якуб сведчыў аб Хрысце Уваскрослым, каб вы маглі заставацца вернымі на шляху святасці, маглі заззяць на славу Божую і на карысць братоў і сясцёр, асабліва найбольш пакінутых. Дзякуй.”

Катэдра, як і пляц перад ёй, быў запоўнены шматлікімі пілігрымамі, якія апладзіравалі і цёпла віталі Папу. Святы Айцец неаднаразова спыняўся, каб благаславіць вернікаў, у тым ліку некалькі дзяцей.

Пасля наведвання катэдры, Бэнэдыкт XVI адправіўся ў арцыбіскупскі палац, дзе прыняў удзел ва ўрачыстым абедзе з іспанскімі кардыналамі і членамі Выканаўчага Камітэта Іспанскай Біскупскай Канферэнцыі.











All the contents on this site are copyrighted ©.