Школьнага курса «Асновы праваслаўнай культуры» не будзе
У беларускіх школах
курс «Асновы праваслаўнай культуры» ў бліжэйшы час уводзіцца не будзе. Навукова-метадычная
рада пры Міністэрстве адукацыі не адобрыла факультатыўны курс «Асновы праваслаўнай
культуры. Святыні беларускага народа».
Не выключана, што выкладанне гэтага
курсу распачнецца з другога паўгоддзя наступнага навучальнага года, калі факультатыў
паспеюць дапрацаваць з улікам выказаных заўваг, як паведамляе «Белорусским новостям»
галоўны інспектар Галоўнага ўпраўлення сацыяльнай і выхаваўчай работы Мінадукацыі
Аляксей Ананенка.
У гэтым выпадку курс, безумоўна, будзе вывучацца толькі па
жаданні школьнікаў і іх бацькоў. Як вядома, у беларускіх школах ёсць шмат факультатываў,
сярод якіх выкладаюць і рэлігіязнаўства. За апошнія два гады былі распрацаваны і адобраны
тры тэматычныя факультатывы: «Біблія — помнік гісторыі і літаратуры» (для 6 класа),
«Культура і рэлігія» (для 10 і 11 класаў), «Асновы рэлігіязнаўства» (для 11 класа).
Курс жа па асновах праваслаўнай культуры, адпраўлены на дапрацоўку, быў скразным —
яго планавалася выкладаць з 1 па 11 класы.
Аднак грамадскасць насцярожвае тое,
што на школьных факультатывах упор робіцца менавіта на праваслаўе.
У Беларусі
веруючымі сябе лічаць каля паловы дарослых. Большасць з іх (каля 80%) адносяць сябе
да праваслаўных. Другая па колькасці канфесія (14%) — католікі. Пражываюць у Беларусі
пратэстанты, мусульмане, іўдзеі, прадстаўнікі іншых канфесій.
Таму эксперты
і адзначаюць, што школьнае выкладанне асноў праваслаўя ў шматканфесійным грамадстве,
як мінімум, не этычна.
Вывучэнне ў школах рэлігійнага светапогляду з пазіцыі
пераканання школьнікаў у сапраўднасці рэлігіі, у тым ліку канкрэтнай — гэта праява
абскурантызму. Такую думку выказаў доктар філасофскіх навук Георгій Антанюк.
Заключэнне
Навукова-метадычнай рады паказвае, што яе эксперты прыйшлі прыкладна да такой жа высновы.
Прадстаўлены
праект праграмы, як адзначаюць эксперты, супярэчыць абвешчаным у законе «Аб адукацыі»
свабодзе сумлення і асновам дзяржаўнай палітыкі ў сферы адукацыі. Адзначаецца, што
праграма факультатыўнага курса не адпавядае палажэнням закона, у прыватнасці, навуковасці,
нацыянальным культурным асновам і свецкасці адукацыі, парушае нацыяльнальныя культурныя
асновы адукацыі і не адлюстроўвае малюнак развіцця праваслаўя ў Беларусі.
Адзначаецца
таксама, што «аўтары не клапоцяцца пра каардынацыю прапануемага матэрыялу са зместам
асноўных курсаў адпаведных класаў».
Аўтарам рэкамендуецца кардынальна перапрацаваць
праграму, звярнуўшы асаблівую ўвагу на крытэрыі, якім яна павінна адпавядаць: навуковасць,
свецкасць, адпаведнасць нацыянальным культурным асновам адукацыі. Указваецца, што
курс павінен працаваць на фарміраванне любові да радзімы і адпавядаць дыдактычным
прынцыпам навучання, у прыватнасці, сістэматычнасці.
Вернемся да бачання
гэтага пытання Беларускай Праваслаўнай Царквой. Варта пазбягаць памылковага тлумачэння
прынцыпу свецкага характару адукацыі, — на гэта звяртае ўвагу Андрэй Алешка, кіраўнік
юрыдычнага аддзела Мінскай епархіі.
«Па інэрцыі многія трактуюць дадзены прынцып
як атэістычны. У сусветнай практыцы свецкі характар адукацыі мае на ўвазе тое, што
базавыя прадметы выкладаюцца на навуковай аснове, але не на матэрыялістычнай і свецкімі
выкладчыкамі. Аднак гэта не супярэчыць існаванню спецыяльных і выхаваўчых прадметаў
і факультатываў, якія менавіта на аснове традыцыйных для той ці іншай краіны духоўных
каштоўнасцяў выхоўваюць асобу. Такім чынам, свецкі характар і павага да традыцыйнай
рэлігійнасці не супярэчыць адно аднаму і спакойна ўжываюцца ў сістэме адукацыі многіх
краін свету, — падкрэслівае Андрэй Алешка. — Прыраўноўванне свецкасці да атэізму,
а навуковасці да матэрыялізму з’яўляецца прамым парушэннем закона».
Падобна,
па меркаванні кіраўніка юрыдычнага аддзела Мінскай епархіі, і з трактаваннем прынцыпу
навуковасці. Нярэдка «навуковае светабачанне разумецца як матэрыялістычнае, што з’яўляецца
грубай памылкай».
У Законе «Аб адукацыі» (ст. 1) і ў Законе «Аб свабодзе сумлення»
(ст. 9) сказана: «Сістэма адукацыі Рэспублікі Беларусь мае свецкі характар і не мае
на мэце фарміравання тых ці іншых адносін да рэлігіі». Пра другую частку, як правіла,
забываюць, гэта значыць, калі сістэма адукацыі і не падтрымлівае тую ці іншую рэлігію,
то яна хаця б не павінна фарміраваць адмоўныя адносіны да рэлігіі самой па сабе.
У
Мінадукацыі выказваюцца і адносна права прадстаўнікоў іншых канфесій на вывучэнне
падобнага курса. Мінадукацыя гатова разгледзець пытанне аб прадметным вывучэнні ў
школах гісторыі іншых рэлігій, калі будзе праяўлена адпаведная ініцыятыва, як гэта
было зроблена з боку Беларускай Праваслаўнай Царквы.
Прымаць удзел у адукацыйным
працэсе жадае і Каталіцкі Касцёл. Аднак Касцёл у Беларусі, як адзначаюць яго прадстаўнікі,
не мае адпаведнага пагаднення паміж дзяржавай Ватыкан і Беларуссю: «Гэтае пытанне
можна вырашыць толькі на ўзроўні кіраўнікоў Ватыкана і Беларусі. Аднак мы вельмі спадзяёмся
мець падобныя з Праваслаўнай Царквой правы і ўдзельнічаць у свецкім адукацыйным працэсе».