2010-11-04 11:34:29

Іспанія: кс. Ламбардзі аб “карэктных” адносінах з Мадрыдам


RealAudioMP3 “Апостальская Сталіца падтрымлівае карэктныя адносіны з іспанскім урадам, нягледзячы на яго пазіцыю ў дачыненні да абортаў і легалізацыі гомасексуальных саюзаў”, — адзначыў у інтэрв’ю для выдання «El Pais» прэс-сакратар Апостальскай Сталіцы кс. Федэрыко Ламбардзі SI. Інтэрв’ю публікуецца за два дні да візіту Святога Айца Бэнэдыкта XVІ у Іспанію.

Кажучы аб стане ўзаемаадносін, кс. Ламбардзі падкрэсліў, што Апостальская Сталіца не хавае свайго непакою ў сувязі з неаднолькавымі меркаваннямі па фундаментальных пытаннях, такіх, як абарона чалавечага жыцця, сям’і або разуменне свабоды веравызнання. Прадстаўнік Ватыкана ўказаў таксама на згоду і супольны ўдзел абодвух бакоў у справе міру, сітуацыі на Блізкім Усходзе і падабенства поглядаў на праблемы Кубы. «Папа любіць Іспанію, як і ўсе краіны Еўропы і свету», — дадаў святар.

Кс. Ламбардзі звярнуў увагу таксама на тое, што аддаленне ад хрысціянскіх каранёў — з’ява негатыўная, хоць гэта датычыць і іншых краін Еўропы.

Адказваючы на пытанне аб адсутнасці сацыялістычнага прэм'ер-міністра Хасэ Луіса Радрыгеса Сапатэра на нядзельнай святой Імшы ў Барселоне кс. Ламбардзі адзначыў, што ніхто не змушаны ўдзельнічаць у Эўхарыстыі. “Гэты выбар, цалкам зразумелы і яго неабходна паважаць”, - сказаў прэс-сакратар Апостальскай Сталіцы.







All the contents on this site are copyrighted ©.