2010-11-04 15:37:55

Бэнэдыкт XVI узначаліў літургію за іерархаў, памерлых у мінулым годзе


RealAudioMP3 «Пошук таго, што ўверсе не азначае, што хрысціянін павінен занядбаць свае часовыя абавязкі і заданні. Не можа толькі згубіцца ў іх, так, як бы яны мелі канчатковую вартасць», — адзначыў Святы Айцец Бэнэдыкт XVI сёння падчас святой Імшы за кардыналаў і біскупаў, што памерлі ў мінулым годзе.

Пантыфік заўважыў, што зварот да рэчаіснасці Неба з’яўляецца заахвочваннем да прызнання адноснасці таго, што мінае, у адносінах да тых вартасцяў, якія не падлягаюць знішчэнню часам. Кажучы пра абавязкі штодзённага жыцця, Святы Айцец заўважыў, што «наша праца, зацікаўленасць ці заслужаны адпачынак патрабуюць дыстанцыі людзей, якія ўсведамляюць, што на шляху да Нябеснай Айчыны яны разам з’яўляюцца пілігрымамі, у пэўным сэнсе чужаземцамі, якія накіроўваюцца да вечнасці».

Папа назваў імёны шасці кардыналаў, якія памерлі ў мінулым годзе, а кажучы пра іх служэнне і паслугу памерлых арцыбіскупаў і біскупаў, сцвердзіў, што руплівыя пастыры здзяйснялі яе заўсёды ў эсхаталагічнай перспектыве, ажыўляючы надзею ў шчасце, абяцанае нам пасля зямнога жыцця. Пантыфік адзначыў глыбокую веру іерархаў і іх жывое прагненне быць падобнымі да Хрыста.

Напрыканцы набажэнства Святы Айцец сцвердзіў: «Ведаем, што нават найменшая сіла любові большая за самую вялікую знішчальную сілу і можа змяніць свет».

catholic.by







All the contents on this site are copyrighted ©.