2010-11-03 13:10:32

Патрыярх Кірыл: краіны рускага свету павінны стварыць прастору, дзе будуць паважацца мовы, культуры і рэлігіі


RealAudioMP3 Як адзначыў Патрыярх Маскоўскі і ўсяе Русі Кірыл 3 лістапада 2010 г. на адкрыцці IV Асамблеі рускага свету ў Маскве, краіны рускага свету пакліканы развіваць інтэграцыйнае супрацоўніцтва і стаць магутнай сілай на глабальнай арэне. У новай прасторы, якую створаць гэтыя краіны, «будуць паважацца і развівацца мовы, культуры, рэлігійныя традыцыі, а грамадскае жыццё будзе будавацца на аснове служэння і дапамогі слабым, у ім будзе абараняцца свабода і маральнасць».

«Масква, Кіеў, Мінск, Кішынёў, Астана павінны стаць цэнтрамі не проста асобных дзяржаў, але агульнай магутнай цывілізацыі, ад імя якой яны здольны ў поўны голас гаварыць з іншымі цывілізацыйнымі магутнымі палюсамі сучаснага свету», — сказаў Патрыярх на адкрыцці IV Асамблеі рускага свету ў сераду ў Маскве.

Як дадаў кіраўнік Рускай Праваслаўнай Царквы, словы якога перадае агенцтва «Интерфакс», калі ў мінулым стратэгіяй выжывання рускага свету была яго сацыялізацыя, то сёння ва ўмовах глабалізацыі аптымальнай формай можа стаць «інтэграцыйнае супрацоўніцтва раўнапраўных суверэнных дзяржаў».

Па словах Патрыярха Кірыла, рускі свет павінен быць «не столькі ўспамінам аб мінулым, колькі дзейсным пачаткам для будаўніцтва лепшай будучыні нашых краін і народаў».

Патрыярх асобна закрануў пытанне Украіны, адзначыўшы, што менавіта Кіеў змог упершыню сабраць рускія землі, паяднаць раз’яднаныя плямёны, правесці хрысціянскую асвету свайго народу. Яшчэ большае яго значэнне ў тым, што «ён пачаў увасабляць у рускае жыццё ідэал усяленскага праваслаўя, вынікам чаго стала фарміраванне рускай цывілізацыі».

Патрыярх выказаў упэўненасць, што сучаснае кіраванне зможа працягнуць кіеўскую традыцыю, «у аснове якой заўсёды быў клопат аб адзінай Русі, здольнасць абараняць святое праваслаўе і яўляць у сваім жыцці яго ўсяленскі характар, быць домам для многіх народаў, а не замыкацца ў сваёй нацыянальнай тэме».

«Украіна не можа быць вядзёнай ці малодшым партнёрам у гэтай гістарычнай справе, яна паклікана быць адзказнай спадкаемніцай Русі і ствараць рускі свет нароўных сумесна з іншымі яго спадчыннікамі», — дадаў Патрыярх Кірыл.







All the contents on this site are copyrighted ©.