2010-11-03 16:57:45

Бэнэдыкт ХVI прысвяціў агульную аўдыенцыю святой Маргарыце


RealAudioMP3 У зале Паўла VI сабраліся вернікі са шматлікіх краін свету. У сваім слове да іх Бэнэдыкт ХVI cказаў:

Дарагія браты і сёстры,

з Маргарытай, аб якой я хачу сёння пагутарыць з вамі, мы ўступаем у картэзіянскую духоўнасць, натхнёную евангельскімі сінтэзамі, прапанаванымі святым Бруно. Мы не ведаем даты нараджэння святой, хаця некаторыя кажуць, што яна нарадзілася каля 1240 года. Маргарыта паходзіла з уплывовай, арыстакратычнай сям’і з Ліёну. Мы ведаем, што яе маці таксама насіла імя Маргарыта, і што ў яе былі два браты і тры сястры. Адна з іх, Агнэса, уступіла ў кляштар у Чэртозэ, у якім пазней стала настаяцельніцай.

Праз нейкі час Маргарыта таксама ўступіла ў кляштар у Чэртозэ, пакінуўшы ўсё і прыняўшы строгія картэзіянскія правілы, каб цалкам аддацца Пану. Аб яе жыцці ў Чэртозэ мы маем мала вестак. Ведаем, што ў 1288 годзе стала чацвёртай настаяцельніцай. Гэтую пасаду займала да сваёй смерці, да 11 лютага 1310 года. З яе лістоў не вынікае нічога асаблівага аб яе духоўным шляху. Яна разумее, што ўсё жыццё — гэта ачышчальны шлях аж да поўнай лучнасці з Хрыстом. Хрыстус — Кніга, якую напісала, якая ўплывае на яе сэрца, прыватнае жыццё, асаблівым чынам Яго збаўчыя мукі.

Кожны дзень з самай раніцы Маргарыта вывучае гэтую Кнігу. І робіць гэта найперш чытаючы сваё ўласнае сумленне, якое выяўляе фальш і няшчырасць жыцця. Піша пра сябе, каб дапамагчы іншым і глыбей умацаваць у сваім сэрцы ласку Божай прысутнасці, каб кожны дзень Божая прысутнасць у ёй была адзначана словамі і дзеяннем Езуса, кнігай Яго жыцця. Яна робіць гэта, каб жыццё Хрыста трывала ў душы стабільна і глыбока, каб дасягнуць моманту, калі ўбачыць унутры сябе Кнігу — таямніцу Бога ў Тройцы Адзінага.

Праз свае творы Маргарыта адкрывае нам некаторыя моманты сваёй духоўнасці, што дазваляе сабраць некаторыя звесткі аб яе асобе. Гэта была асоба вельмі адукаваная, якая рэгулярна піша на лацінскай мове, мове навукоўцаў, але піша таксама і на мове франкаў, што з’яўляецца рэдкасцю: яе творы з’яўляюцца, такім чынам, першымі напісанымі на гэтай мове. Яе жыццё напоўнена містычнымі перажываннямі, аб чым піша з прастатой, прапаноўваючы невымоўныя таямніцы Бога, падкрэсліваючы абмежаванасць розуму і неадэкватнасць чалавечай мовы ў яе выражэнні. Яна з’яўлялася асобай простай, адкрытай, збалансаванай і пранікнёнай, здольнай увайсці ў глыбіні чалавечага духу, каб зразумець абмежаванні, двухсэнсоўнасць, але таксама і напружанні, імкненні душы да Бога. Яна паказвае моцную схільнасць да кіраўніцтва, спалучаючы сваё глыбокае духоўнае жыццё са служэннем сёстрам і супольнасці.

Адна законніца-картэзіянка так апісвае постаць Маргарыты: «Дзякуючы яе працы можна адкрыць яе як знамянальную асобу, жывы інтэлект, які накіраваны да роздуму, і ў той жа час, спрыяе містычнай ласцы. Адным словам, мудрая і святая жанчына, якая ведае, як выказаць з усмешкай усю патрэбу духоўнага жыцця» (Una Monaca Certosina, Certosine, in Dizionario degli Istituti di Perfezione, Roma 1975, col. 777). У дынаміцы містычнага жыцця Маргарыта спалучае вопыт з прыроднымі схільнасцямі, якія, ачышчаныя ласкай, дазваляюць глыбей зразумець і выконваць Боскія дзеянні.

Бог у Тройцы Адзіны, Бог любові, якая выяўляецца ў Хрысце, захапляе і Маргарыту, якая вядзе жыццё глыбокай любові да Пана, які спазнаў чалавечую няўдзячнасць аж да сваёй смерці на Крыжы. Яна сцвярджае, што Крыж Хрыста падобны да стала родаў. Боль Хрыста на Крыжы параўноўваецца да болю маці, якая нараджае.

Маргарыта, спасылаючыся на гісторыю Мукаў Езуса, ушаноўвае гэтыя пакуты з глыбокім спачуваннем. Яна запрашае нас штодня задумвацца аб паўсядзённым болю і любові Езуса і Яго Маці Марыі. Вось наша надзея, сэнс нашага існавання. Ад ушаноўвання любові Хрыста ў нас нараджаецца сіла і радасць адказваць Яму нашай узаемнай любоўю, аддаўшы жыццё служэнню Богу і іншым.

На першы погляд гэтая постаць сярэднявечнай картэзіянкі, як таксама і ўсё яе жыццё, яе думкі здаюцца вельмі далёкімі для нас, нашага жыцця, нашага спосабу мыслення і дзеяння. Аднак, калі мы паглядзім на асновы гэтага жыцця, мы ўбачым, што яно датычыць таксама і нас.

Мы чулі, што Маргарыта разглядала Езуса як Кнігу, глядзела на свайго Пана, як у люстэрка, у якім адбіваецца яе ўласнае сумленне. І з гэтага люстэрка ў яе душу ўвайшло святло: менавіта яна дазволіла ўвайсці слову, жыццю Хрыста ў сваё ўласнае быццё і такім чынам яна змянілася. Яе душа была асвячона, знайшла святло і была ачышчана. Менавіта гэтага патрабуем і мы: даючы ўвайсці слову, жыццю і святлу Хрыста ў нашую душу, каб тая была асвячона, мы зразумеем, што такое праўда, дабро і што такое зло. Няхай робіцца светлай і чыстай нашая душа. Смецце ёсць не толькі на розных дарогах свету. Смецце ёсць таксама ў нашым сумленні і ў нашай душы. І толькі святло Пана, Яго сіла і любоў нас ачышчае і дае нам правільны шлях. Будзем прытрымлівацца прыкладу святой Маргарыты і вучыцца яе позірку на Езуса. Будзем чытаць кнігу Яго жыцця, дазволім ачысціць і асвяціць сябе, каб навучыца сапраўднаму жыццю.







All the contents on this site are copyrighted ©.