Бэнэдыкт XVI перад малітвай “Анёл Панскі”: вечнасць не з’яўляецца “безперапыннай
паслядоўнасцю каляндарных дзён”
Сёння ва ўрачыстасць
Усіх Святых па традыцыі Папа правёў малітву “Анёл Панскі” на Плошчы св. Пятра ў Рыме.
Перад ёй Пантыфік звярнуўся з акна Апостальскага Палаца да сабраных пілігрымаў і жыхароў
Рыма.
Дарагія браты і сёстры!
Урачыстасць Усіх Святых, якую адзначаем
сёння, запрашае нас узняць свой позірк на Неба і паразважаць аб паўнаце Боскага жыцця
якое нас чакае. “Мы дзеці Божыя, але тое, кім мы будзем яшчэ не выяўлена” (1 Ян 3,2):
гэтымі словамі апостал Ян запэўнівае і гарантуе нам рэальнасць нашай глыбокай сувязі
з Богам, а таксама пэўнасць нашай будучыні. Як дзеці, якіх любяць, атрымліваем таксама
ласку для таго, каб пераносіць выпрабаванні нашага зямнога існавання – голад і прагу
справядлівасці, непаразуменні, пераследы (цыт. Мт 5, 3-11) – і ў той жа час, наследуем
тое, што нам было паабяцана ў евангельскіх бласлаўленнях “з якіх ззяе новая выява
свету і чалавека, якога адкрывае Езус” (Бэнэдыкт XVI, Езус з Назарэту, Мілан 2007,
95). Святасць, заданне паказаць Езуса ў саміх сябе, гэта жыццёвая мэта кожнага хрысціяніна.
Бласлаўлёны Антоніо Разміні піша: “Слова выразіла сябе ў свядомасці сваіх вучняў у
эмацыянальным аспекце... і сваімі словамі... дала сваім гэтую ласку... з якой душа
успрымае Слова непасрэдна” (Звышнатуральная антрапалогія, Рым 1983, 265-266). І мы
каштуем дар і прыгажосць святасці кожны раз, калі ўдзельнічаем у Эўхарыстычнай літургіі,
у супольнасці з “вялікім мноствам” благаслаўлёных душаў, якія ў Небе вечна абвяшчаюць
збаўленне Бога і Ягняці (пар. Дз 7, 9-10). “У жыцці святых важнай з’яўляецца не толькі
іх зямная біяграфія, але таксама іх жыццё і дзейнасць у Богу пасля смерці. У святых
становіцца відавочна: хто ідзе за Богам не аддаляецца ад людзей, але становіцца да
іх па-сапраўднаму блізка” (Энц. Deus caritas est, 42).
Суцешаныя гэтай супольнасцю
вялікай сям’і святых, заўтра будзем узгадваць усіх памерлых вернікаў. Літургія 2 лістапада
і пабожная практыка наведвання могілак нагадваюць, што хрысціянская смерць з’яўляецца
часткай шляху да ўпадабнення Богу і яна знікне калі Бог стане ўсім ва ўсім. Пераход
ад зямнога існавання, канешне з’яўляецца балючым, але мы не павінны баяцца, таму што
ён суправаджаецца малітвай і падтрымкай Касцёла, і не можа парушыць глыбокую сувязь,
якая яднае нас з Хрыстом. Таму, св. Грыгорый з Нісы кажа: “Хто ў мудрасці стварыў
усе рэчы, даў гэты балючы стан як інструмент вызвалення ад зла і магчымасць удзельнічаць
у чаканых дабротах” (De mortuis oratio, IX, 1, Leiden 1967, 68)
Дарагія сябры,
вечнасць не з’яўляецца “безперапыннай паслядоўнасцю каляндарных дзён, але нечым накшталт
моманту поўнай задаволеннасці, у якім паўня ахоплівае нас і мы ахопліваем поўню існавання,
праўды, любові (Энц. Spe salvi, 12).Давяраем нашае падарожжа да нябеснай айчыны Панне
Марыі, якая накіроўвае нас да святасці, і просім у яе матчынага заступніцтва ў вечным
адпачынку ўсім нашым братам і сёстрам, якія паснулі ў надзеі на ўваскрашэнне.