2010-10-30 12:39:08

У Румыніі адбылася бэатыфікацыя мучаніка камуністычнага рэжыму


RealAudioMP3 У суботу 30 кастрычніка у румынскім горадзе Орадэа Марэ падчас святой Імшы быў абвешчаны бласлаўлёным біскуп-мучанік Шылард Ігнат Богданфы. Гэта першая беатыфікацыя румынскага каталіцкага святара, ахвяры пераследаванняў камуністычнага рэжыму супраць Каталіцкага Касцёла. Урачыстасці ў Орадэі ўзначаліў Прымас Венгрыі кардынал Пэтэр Эрдо, што стала падкрэсленнем венгерскіх каранёў новага бласлаўлёнага.

У сваім казанні кардынал Эрдо сказаў: “Мы сёння сабраліся на вялікім і хвалюючым святкаванні. Мы чакалі гэтага дня 57 гадоў. Яго чакала каталіцкая супольнасць гэтага рэгіёна. Яго чакалі ўсе венгры, ведаючы гэтае страшнае выпрабаванне, якое Касцёл перажыўю Таксама і вернікі павінны былі цярпець на працягу многіх гадоў камуністычнага фанатызма. Беатыфікацыя біскупа-мучаніка Шыларда Богданфы спыніла маўчанне многіх дзесяцігоддзяў і пачынае публічную пашану шматлікіх сведкаў, якія цярпелі як мучанікі і вызнаўцы праўды Хрыста і Касцёла. Таксама і ў Венгрыі, усяго год таму быў паднесены да хвалы алтароў біскуп мучанік Золтан Мэшлены, першы каталіцкі мучанік гэтага перыяду. Зараз таксама і тут свеціць прамень сонца да глыбокага калодзежа гісторыі, праўды і любові тых памерлых, якія зноў нас асвятляюць сілай, што стварае мір і дае адвагу для прымірэння.

Новы бласлаўлёны Ігнат Богданфы нарадзіўся ў венгерскай сям’і 21 лютага 1911 года непадалёку ад Войводіны ў сённяшняй Сербіі. Тады гэтыя землі ўваходзілі ў склад Аўстра-Венгерскай імперыі. Святарскае пасвячэнне прыняў у 1934 годзе. Затым працягнуў сваю вучобу ва ўніверсітэце Будапешта, дзе атрымаў доктарскія ступені з дагматыкі і філасофіі.

Пасля вяртання ў Румынію быў выкладчыкам духоўнай семінарыі ў Ордэа. Пасля заканчэння Другой сусветнай вайны, калі камуністы востра атакавалі Каталіцкі Касцёл, ксёндз Богданфы быў патаемна пасвечаны на біскупа. Ужо два месяцы пазней быў арыштаваны. Быў прыгавораны на 12 гадоў цяжкіх працаў. Памёр у самотнасці 3 кастрычніка 1953 года маючы толькі 42 гады.







All the contents on this site are copyrighted ©.