2010-10-27 15:52:09

Святы Айцец прысвяціў агульную аудыенцыю святой Брыгіце Шведскай


RealAudioMP3 Яна адбылася на Плошчы св. Пятра. На сустрэчу з Папам прыбыло шмат вернікаў. У сваім слове да іх Бэнэдыкт ХVI сказаў:

Дарагія браты і сёстры

Напярэдадні Вялікага Юбілею Двухтысячнага Года Слуга Божы Ян Павел ІІ абвясціў Святую Брыгіту Шведскую апякункай Еўропы. Сёння жадаю прадставіць яе постаць, пасланні і прычыны з-за якіх гэтая святая жанчына можа многаму навучыць Касцёл і свет нават сёння.

Мы добра ведаем падзеі з жыцця святой Брыгіты, таму што яе духоўныя айцы апісалі яе біяграфію падрабязна, дзякуючы кананізацыйнаму працэсу, які пачаўся неадкладна пасля яе смерці ў 1373 годзе. Брыгіта нарадзілася ў 1303 годзе ў Фінстэр, у Швецыі, сярод народу Паўночнай Еўропы, які тры стагоддзі перад яе нараджэннем прыняў хрысціянскую веру з такім энтузізмам, з якім святая атрымала яе ад сваіх бацькоў, што належалі да арыстакратычных сем’яў, блізкіх да каралеўскага дому.

Мы можам вылучыць два перыяды ў жыцці святой. Першы характэрны для ўмоваў замужняй жанчыны. Яе муж Ульф быў губернатарам важнага рагіёна ў Шведскім Каралеўстве. Сумеснае жыццё доўжылася 20 гадоў, да смерці Ульфа. Яны мелі 8 дзяцей, з якіх другая дачка Кацярына ушаноўваецца як святая. Гэта быў красамоўны знак для Брыгіты ў выхоўванні сваіх дзяцей. Акрамя таго яе педагагічная мудрасць была ацэнена так высока, што кароль Швецыі Магнус паклікаў яе на кароткі час з мэтай пазнаёміць яго маладую жонку Бланку Намур са шведскай культурай.

Калі першы перыяд жыцця Брыгіты дапамагае нам адзначыць тое, што сёння мы можам акрэсліць як “шлюбная духоўнасць”: калі хрысціянскія сужонцы жывучы разам могуць ісці па шляху святасці, дзякуючы ласцы Сакрамэнту Сужэнства. Як гэта часта здаралася ў жыцці святой Брыгіды і яе мужа Ульфа, жанчына са сваёй рэлігійнай пачуццёвасцю, з пяшчотай і салодкасцю можа разам з мужам крочыць па шляху веры. Думаю з удзячнасцю пра шматлікіх жанчын, якія з дня на дзень яшчэ сёння асвячаюць сем’і сваім сведчаннем хрысціянскага жыцця. Няхай Дух Пана натхняе таксама і сёння святасць хрысціянскіх сужэнцаў, каб паказалі свету прыгажосць шлюбнага саюзу, які перажываецца паводле Евангелля: у любові, пяшчоце, ўзаемнай дапамозе, у адукацыі дзяцей, адкрытасці і салідарнасці, праз удзел у жыцці Касцёла.

Калі Брыгіда стала ўжо ўдавой, пачаўся другі перыяд яе жыцця, яна адмовілася ад паўторнага шлюбу дзеля больш глыбокага абьяднання з Богам, што ажыццявіла праз малітву, пакаянне і ўчынкі міласэрнасці. Удовы-хрысціянкі змогуць такім чынам знайсці ў гэтай святой мадэль да наследавання. Брыгіта пасля смерці мужа, пасля размеркавання свайго маёнтку паміж беднымі, не будучы законніцай, пасялілася ў кляштары цыстэрыянак у Альвастра. Тут пачаліся духоўныя адкрыцці, якія суправаджалі яе да канца жыцця. Аб іх расказала Брыгіта сваім спаведнікам, якія ў сваю чаргу, пераклалі іх са шведскай на лацінскую мову і сабралі ў выданні 8 кніг пад назвай “Аб’яўленні”.

“Аб’яўленні” Святой Брыгіды прадстаўляюць вельмі розны стыль і змест. Часам у форме дыялога паміж Боскімі асобамі, Найсвяцейшай Паннай, святымі і таксама дэманамі. У дыялогах таксама ўдзельнічае Брыгіта. Вартасць “Аб’яўленняў” святой Брыгіды часам некаторымі падвяргаецца сумневу, аднак пацвяржаецца Шаноўным папам Янам Паўлам ІІ ў Апостальскім лісце “Spes Aedificandi”: “Прызнаючы святасць Брыгіты Касцёл, не каментуючы асобныя аб’яўленні, прыняў сапраўднасць яе ўнутранага дасведчання”,- чытаем у лісце

Атрымаўшы гэтую харызму, Брыгіта была свядомая прызначэння гэтых дароў, дзякуючы вялікай любові да Пана. “Мая дачка - чытаем у першай кнізе “Аб’яўленняў”, - Я выбраў цябе, каб ты любіла Мяне ўсім сэрцам сваім больш за ўсё, што існуе на свеце”. Акрамя таго Брыгіта ведала, была цвёрда перакана, што кожны хрысціянін прызначаны для будаўніцтва Касцёла.

У 1349 годзе Брыгіта назаўсёды пакідае Швецыю і адпраўляецца ў паломніцтва ў Рым. Не толькі мае намер прыняць удзел у Юбілеі 1350 года, але таксама атрымаць ад Папы зацверджанне правіл ордэна, названага ў гонар Найсвяцейшага Збавіцеля і які складаўся з законнікаў і законніц пад кіраўніцтвам абатэсы. Гэта не павінна нас здзіўляць, у сярэднявеччы існавалі законныя супольнасці з мужчынскай і жаночай часткай, але з такой жа манаскай рэгулай, пад кіраўніцтвам абатэсы. На самой справе ў вялікай хрысціянскай традыцыі жанчыне прызнаецца яе годнасць і яе месца ў Касцёле, якое не звязана са святарскай паслугай, але не менш важная для духоўнага росту супольнасці. Акрамя таго, супрацоўніцтва паміж кансэкраванымі мужчынамі і жанчынамі з пашанай да іх спецыфічнага паклікання, мае вялікае значэнне ў сучасным свеце.

У Рыме ў суправадэнні дачкі Кацярыны Брыгіта прысвяціла сваё жыццё інтэнсіўнай малітве і апостальскаму служэнню. З Рыма ў підігрымках наведала розныя італьянскія кляштары: у Асізі, на радзіме святога Францішка, да якога мела вялікае пашану. Нарэшце ў 1371 годзе споўнілася яе самае вялікае жаданне: паездка на Святую Зямлю, куды адправілася ў суправаджэнні сваіх духоўных дзяцей, у групе, якую Брыгіта назвала “Сябры Бога”.

У тыя гады Папы Рымскія прабывалі ў Авіньёне, далёка ад Рыма. Брыгіта звярнулася да іх, каб яны вярнуліся на Пасад Пятра ў Рыме.

Брыгіта памерла ў 1373 годзе перш чым папа Грыгорый ХІ канчаткова вярнуўся ў Рым. Была пахавана ў рымскім касцёле святога Лаўрэна ў Паніспэрна, але ў 1374 годзе дзеці Біргер і Кацярына перавезлі яе цела на радзіму, у кляштар у Вадстэна, да сядзібы законнай супольнасці, якую заснавала святая Брыгіта. У 1391 годзе Папа Баніфацый ІХ яе ўрачыстіа кананізаваў.

Абвяшчаючы яе апякункай Еўропы Папа Ян Павел ІІ выказаў надзею, што святая Брыгіта, якая жыла ў ХІV стагоддзі, калі заходняе хрысціянства не было яшчэ паранена падзеламі, зможа заступацца ў Бога, каб атрымаць ласкі для так доўга чаканага поўнага адзінства сярод хрысціян. У гэтай інтэнцыі, так дарагой нашаму сэрцу, каб Еўропа заўсёды прытрымлівалася сваіх хрысціянскіх каранёў, памоліся, дарагія браты і сёстры, да магутнага заступніцтва святой Брыгіты Шведскай, вернай вучаніцы Бога і апякункі Еўропы.







All the contents on this site are copyrighted ©.