2010-10-20 14:27:43

Удзельнікі Сіноду Біскупаў працуюць над выніковымі прапановамі


Удзельнікі Сіноду Біскупаў для Блізкага Усходу, працуючы ў 10 моўных групах, рыхтуюць выніковыя прапановы, якія паслужаць Папу ў падрыхтоўцы паслясінадальнай апостальскай адгартацыі. Прапановы паступяць у Генеральны Сакратарыят Сіноду Біскупаў.

18 кастрычніка 2010 г. група айцоў Сіноду, у тым ліку Патрыярхі з Блізкага Усходу, сустрэліся ў пасольстве Італіі ў Ватыкане з прадстаўнікамі дыпламатычнага корпусу. Міністр замежных спраў Франко Фрацціні паведаміў падчас сустрэчы аб запланаваным устанаўленні на ўсіх кантынентах дыпламатычных прадстаўніцтваў Еўрасаюзу, мэтай якіх будзе абарона свабоды веравызнання. Міністр паінфармаваў таксама аб сваіх выступленнях у абарону хрысціянскіх меншасцяў у Іраку і аб дапамозе Італіі ў будаванні жылля для маладых сужэнцаў у Святой Зямлі з мэтай супрацьстаяння эміграцыі мясцовых хрысціян.

«Мы лічым, што свабода вызнання сваёй веры — гэта асноўнае права кожнай асобы», — адзначыў міністр. Па словах Франко Фрацціні, зараз яго супрацоўнікі рыхтуюцца прадставіць на агульным пасяджэнні ААН рэзалюцыю, якая будзе гарантаваць права ўсіх вернікаў да вызнавання сваёй веры без страху, што іх будуць пераследаваць за гэта.







All the contents on this site are copyrighted ©.