2010-10-19 11:46:31

Сінод Біскупаў для Блізкага Усходу робіць канкрэтныя прапановы


RealAudioMP3 Падвядзенне вынікаў прац Сіноду зрабіў генеральны дарадчык Асамблеі Сіноду Біскупаў копцкі Патрыярх Антоніас Нагіб.

Выступленне Патрыярха, так званая «справаздача пасля дыскусіі», у асноўным было прысвечана экуменізму. Ён спаслаўся на душпастырскія прычыны на карысць прыняцця католікамі і праваслаўнымі супольнай даты святкавання Божага Нараджэння і Вялікадня. Адзначыў таксама, што гэтае жаданне выказалі многія ўдзельнікі сінадальных прац.

Была вынесена прапанова аб’яднання арабскіх тэкстаў хрысціянскіх малітваў, пачынаючы ад «Ойча наш» і супольнага для ўсіх хрысціян свята новамучанікаў. Каб пазбегнуць празелітызму, прапануецца распрацоўка пратакола на гэтую тэму.

Патрыярх Нагіб прапанаваў таксама анкету, якая складаецца з 23 пытанняў, якія дапамогуць сінадальным айцам пры фармуляванні прапаноў, што будуць карыснымі для папы Бэнэдыкта ХVI пры падрыхтоўцы будучай Апостальскай адгартацыі.

Працы Сіноду завершацца святой Імшой у базыліцы св. Пятра ў нядзелю 24 кастрычніка. Узначаліць літургію Святы Айцец Бэнэдыкт ХVI.

Тэма Спецыяльнай Асамблеі Сіноду Біскупаў для Блізкага Усходу: «Касцёл на Блізкім Усходзе: супольнасць і сведчанне».







All the contents on this site are copyrighted ©.