2010-10-16 12:12:49

Патрыярх Кіріл параўноўвае сучасную Еўропу з атэістычным Савецкім Саюзам


RealAudioMP3 Патрыярх Маскоўскі і Усяе Русі крытычна ацаніў сучасную Еўропу і параўнаў яе з атэістычным Савецкім Саюзам. У гутарцы з Прэзідэнтам Германіі Хрысціянам Вульфам у сталіцы Расіі кіраўнік Рускай Праваслаўнай Царквы сказаў, што сённяшняя рэлігійная свядомасць у некаторых краінах Захаду знаходзіцца пад пагрозай, як гэта адбывалася некалі ў Савецкім Саюзе.

“На працягу дзесяцігоддзяў Руская Праваслаўная Царква дзейнічала ў дзяржаве, афіцыйнай ідэалогіяй якой быў атэізм”- адзначыў Патрыярх Кірыл. Ён падкрэсліў далей, што хрысціянская вера была выгнана з грамадскага жыцця і яе можна было вызнаваць толькі ў вузкіх межах прыватнага або сямейнага жыцця.

“Я глыбока перакананы, што сучасная цывілізацыя робіць падобныя памылкі”- сказаў Патрыярх. Ён дадаў, што сёння ёсць спробы выкінуць веру з грамадскага жыцця. І хоць аргументы адрозніваюцца ад камуністычных, мэта адной і другой ідэалогіі – “дэмантаж і адстараненне рэлігійнай свядомасці” з грамадскай прасторы.

Патрыярх Кірыл не назваў ніякай краіны. Але ўзгадаў “некаторыя, у тым ліку ў Заходняй Еўропе”, у якіх, напрыклад, крыжы прымушаюць здымаць са сцен школаў. Сёння рэлігія выдаляецца з грамадскага жыцця пад лозунгам правоў чалавека, - сказаў Патрыярх - і нагадаў, што ў былым Савецкім Саюзе існавала тое ж, толькі “ў імя светлай будучыні”. Руская Праваслаўная Царква будзе актыўна казаць аб небяспецы атэізму, таму, што яна добра ведае яго наступствы”- сказаў Патрыярх Кірыл.








All the contents on this site are copyrighted ©.