2010-10-16 12:21:51

Бэнэдыкт XVI: «Неабходна забеспячыць права на харчаванне кожнаму»


RealAudioMP3 З такім зваротам выступіў Святы Айцец з нагоды Сусветнага дня харчавання (World Food Day). Заяву Папы прачытаў ў прадстаўніцтве ФАО монсіньёр Ренато Волантэ, пастаянны прадстаўнік Святога Пасаду пры гэтай структуры ААН.

У 2009 годзе чалавецтва перайшло мяжу ў 1 мільярд галадаючых у свеце, большасць з якіх знаходзіцца ў Афрыцы. Генеральны дырэктар Харчовай і сельскагаспадарчай арганізацыі аб'яднаных нацый (ФАО) Жак Дыуф назваў гэта “сумным дасягненнем чалавецтва”.

Святы Айцец асабліва заклікаў сёння багатыя краіны актывізаваць намаганні для барацьбы з голадам. Недастаткова простай салідарнасці – неабходныя кардынальныя ініцыятывы, "напоўненыя духам міласэрнасці і натхнёныя праўдай ", каб стварыць харчовую бяспеку. Гэтыя ініцыятывы павінны пераадолець натуральныя перашкоды, звязаныя з прыроднымі катастрофамі і забруджаннем навакольнага асяроддзя. Папа адзначыў важнасць стварэння спрыяльных ўмоў для руху тавараў у сусветным маштабе, у першую чаргу – прадуктаў харчавання.

У цяперашнім звароце Папа падкрэслівае: «Каб знішчыць голад і непаўнавартаснае харчаванне, асабістыя інтарэсы павінны адысці на другі план, на знак сапраўднай салідарнасці. Неабходна ўсвядоміць, што мы маем у наяўнасці дастатковую колькасць харчавання, а таксама, што кожны павінен мець да яго штодзённы доступ. - падкрэсліў Папа.» Ён высока ацаніў праект ФАО “1billionhungry” і падкрэсліў неабходнасць адэкватных адказных дзеянняў з боку як асобных краін, так і ўсёй міжнароднае супольнасці.

Тэма сёлятняга Дня барацьбы з недахарчаваннем – “Разам супраць голаду”.

Дарэчы, хутка - 21-22 кастрычніка з афіцыйным візітам у Беларусі будзе знаходзіцца Генеральны дырэктар Харчовай і сельскагаспадарчай арганізацыі аб'яднаных нацый (ФАО) Жак Дыуф. У рамках візіту запланаваныя яго сустрэчы на вышэйшым узройні. Чакаецца таксама, што Генеральнага дырэктара ФАО прыме Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка.

Пад час маючых адбыцца перамоваў бакі абмяркуюць перспектывы развіцця супрацоўніцтва Рэспублікі Беларусь з ФАО; пытанне аб уступленні Беларусі ў Арганізацыю; удзел краіны ў праграмах тэхнічнай дапамогі ў галіне развіцця сельскай гаспадаркі, харчовай бяспекі, а таксама вырошчвання экалагічна чыстых прадуктаў на абшарах, пацярпелых ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС.

ФАО — адно з найбуйнейшых агенцтваў сістэмы ААН. На дадзены момант сябрамі ФАО з'яўляюцца 186 краін. 22 кастрычніка а 9.30 у мінскім Офісе Прадстаўніцтва ААН мае адбыцца сустрэча Жака Дыуфа з кіраўнікамі арганізацыяў, праграмаў і фондаў ААН, якія дзейнічаюць у Беларусі.








All the contents on this site are copyrighted ©.