- Эмінэнцыя, Вы першы
раз у Беларусі? Якія ўражанні ад краіны, ад людзей?
- Ужо першая сустрэча з
краінай і з народам была вельмі сардэчнай. Тут жывецца гэтай сардэчнасцю, якая вызначае
нас, славянаў. Нават не ведаючы добра мовы, дастаткова некалькіх словаў, каб знайсці
паразуменне. Маю цудоўнае ўражанне.
- Вы сустракаліся з прэзідэнтам Беларусі
Аляксандрам Лукашэнкам Наколькі важнай была гэтая сустрэча, у якім фармаце яна праходзіла
і якія пытанні закраналіся падчас гэтай сустрэчы?
- Сказаў бы, што я вельмі
ўражаны сардэчнасцю, з якой мяне прыняў Прэзідэнт Рэспублікі. Хаця характар майго
візіту рэлігійны, але, калі падарожнічаеш у якасці спецыяльнага пасланца-легата Папы,
які ёсць таксама кіраўніком дзяржавы, тады грамадзянскія ўлады клапоцяцца пра бяспеку
і іншыя пратакольныя рэчы. Акрамя таго, я адчуў персанальнае глыбокае зацікаўленне
Прэзідэнта Беларусі маім візітам.
- Вы прыбылі на юбілей 300-годзя мінскай
архікатэдры як прадстаўнік Папы. Якое пасланне Вы прывезлі ад Святога Айца? Якое месца
ў яго сэрцы займае Беларусь?
- Ён гэта выказаў у сваім асабістым лісце, з якім
мяне паслаў сюды і які быў апублікаваны ў газеце L’Osservatore Romano. Дастаткова
бачыць гэты ліст, каб заўважыць моцны клопат Папы пра беларускі Касцёл. Я хацеў бы
пацвердзіць гэтае стаўленне таксама пасля асабістай сустрэчы са Святым Айцом у канцы
агульнай аўдыенцыі ў мінулую сераду. Сустрэча была кароткай, але вельмі прыгожай;
мала слоў, але яны ішлі ад сэрца, таму я іх адчуў. Зноў хачу паўтарыць “Да сэрца гаворыць
сэрца”. Існуе повязь паміж Папам і беларускім народам, але, павінен сказаць, і мною,
яго пасланцом. Я жыву гэтай прыгожай атмасферай. Цяпер мы толькі-што выйшлі з Катэдры.
Я бачыў людзей вельмі ўсхваляваных, не проста задаволеных, але менавіта ўсхваляваных,
нягледзячы на вельмі доўгую цырымонію. Хвалюючым была таксама прысутнасць прадстаўнікоў
Улады і Дыпламатычнага Корпусу. Цэлебрацыя цудоўная, ўзнёслая. У ёй ўдзельнічала 10
біскупаў з розных краін: з Беларусі, Літвы, Польшчы, Расіі, Беларусі. Былі таксама
прадстаўнікі Праваслаўнай Царквы. Мітрапаліт Філарэт не мог быць прысутным, але даслаў
свой ліст і свайго прадстаўніка. Усё было цудоўна, натхняюча.
- Што вы хацелі
б пажадаць Касцёлу і вернікам Беларусі?
-Няхай Касцёл далей ўзрастае. Ужо відаць
гэты рост. У зусім кароткі час ён моцна аднавіўся, поўны народу, прычым не толькі
старога, але ёсць шмат моладзі. І гэта вельмі важна для будучага ўзрастання Касцёла
ў Беларусі.