2010-10-09 16:16:48

300 гадовы юбілей Мінскай архікатэдры


RealAudioMP3 Сёння ў Мінску адбыліся юбілейныя ўрачыстасці святкавання 300-гадовага юбілею мінскай архікатэдры, якая з’яўляецца галоўным касцёлам краіны. Яны сабралі іерархаў і духавенства з усёй Беларусі, дальняга і бліжняга замежжа, прадстаўнікоў Праваслаўнай Царквы, дыпламатычнага корпусу, уладаў і каля 2000 вернікаў. Храм не змог змясціць усіх вернікаў і таму большая іх частка назірала за набажэнствам на вялікім экране побач з архікатэдрай.

На думку Мітрапаліта Кандрусевіча, гаспадара ўрачыстасці, гэта не толькі юбілей храма, гэта свята Касцёла ў шырокім яго разуменні, як супольнасці вернікаў. Гэта адзначэнне гістарычнай прысутнасці Каталіцкага Касцёла на Беларускай зямлі.

Падрыхтоўка да святкаванняў праходзіла некалькі месяцаў, а галоўным яе элементам была ўрачыстая навэнна, якая ўключала ў сябе малітоўную і навукову часткі. Эпагеям святкавання стала ўрачыстая літургія, якую ўзначаліў легат Святога Айца кардынал Юзаф Томка, які, як падкрэсліў Папа Бэнэдыт XVI ў сваім адмысловым лісце, вельмі добра ведае радасці і праблемы Касцёла ў Беларусі. Адметнасцю стала гамілія кардынала Томка, якую іерарх цалкам прамовіў на беларускай мове.

Юбілей архікатэдры стаў не толькі рэлігійным святам, але ўніверсальным і грамадска-культурным. Менавіта гэта падкрэслівалі прадстаўнікі ўладаў, прысутныя на святочнай літургіі. Сваё віншаванне скіраваў таксама Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка. Яго прачытала прысутная на святкаванні Першы намеснік Старшыні Адміністрацыі Прэзідэнта Наталля Пяткевіч.

Айцец Аляксандр Шымбалёў з Беларускай Праваслаўнай Царквы перадаў словы віншавання Мітрапаліта Мінскага і Слуцкага Філарэта.

На ўрачытасці быў вельмі чаканы Кардынал Казімір Свёнтэк. Ён не змог прыбыць на яе з-за хваробы. Але ўсе прысутныя пачулі яго словы прывітання, якія ён скіраваў лістом на імя Мітрапаліта Кандрусевіча.

На заканчэнне арцыбіскуп Кандрусевіч папрасіў папскага легата перадаць гарачае запрашэнне Святому Айцу наведаць Беларусь.

Мінская архікатэдра ўжо даўно стала сімвалам гістарычнай прысутнасці католікаў у Беларусі і сучаснай адновы рэлігійнага жыцця.

Кардынал Томка застанецца ў Беларусі да панядзелка, а заўтра ён наведае парафію святога Юзафа ў Маладзечна, каб яшчэ лепш пазнаёміцца з рэлігійным жыццём у Касцёла ў Беларусі.








All the contents on this site are copyrighted ©.