2010-09-29 16:30:18

34 Еўрапейская сустрэча моладзі адбудзецца ў 2011 годзе ў Берліне


RealAudioMP3 34 Еўрапейская сустрэча моладзі, якую арганізуе экумэнічная супольнасць у Тэзэ (Францыя), ў 2011 годзе адбудзецца ў Берліне. Чакаецца, што ў сталіцу Германіі прыбудзе каля 40 тысяч маладых хрысціян – сказаў лютэранскі біскуп Берліна Маркус Дрёгэ. У гэтым годзе сустрэча пройдзе ў галандскім Ратэрдаме.

Берлінская сустрэча пройдзе з 28 снежня 2011 г. па 1 студзеня 2012 г. Бургамістр нямецкай сталіцы Клаус Вовэрайт паабяцаў, што сустрэча атрымае падтрымку з боку горада. Біскуп Дрёгэ і Вовэрайт абвесцілі арганізацыю Еўрапейскай сустрэчы моладзі пасля сустрэчы ўладаў дыяцэзіі з прадстаўнікамі гарадскога сенату.

Моладзь з розных куткоў Еўропы і іншых краін супольна запрасілі біскуп Дрёгэ і каталіцкі арцыбіскуп Берліна кардынал Георг Стэрцынскі, якія падкрэслілі, што супольнасць з Тэзэ прыняла запрашэнне.

Заснаваная ў 1940 годзе харызматычным братам Рожэ экумэнічная супольнасць у Тэзэ, у склад якой уваходзяць католікі і пратэстанты, ужо больш за 30 гадоў арганізуе Еўрапейскія сустрэчы моладзі ў вялікіх гарадах Старога Свету.







All the contents on this site are copyrighted ©.