2010-09-23 11:08:24

Сёння літургічны ўспамін святога айца Піо з П’етрэльчыны


RealAudioMP3 Просты законнік капуцын падрэ Піо стаў вядомым і шанаваным дзякуючы дару містыцызму і стыгматам, якія ўпершыню з’явіліся на яго целе 20 верасня 1918 года пасля чарговай няспыннай малітвы. Стыгматык айцец Піо столькі маліўся, што некаторыя ягоныя біёграфы называюць яго чалавекам, «які стаў малітвай».

У гэтым годзе 19 красавіка рэліквіі айца Піо былі перанесены ў крыпту новай святыні, названай яго імем, у горадзе Сан Джавані Ратонда.

Будучы святы нарадзіўся 25 мая 1887 года ў Паўднёвяй Італіі ў П’етрэльчыне. Бацькі назвалі яго Франчэскам і далі яму глыбокае рэлігійнае выхаванне. У 1903 годзе Франчэско ўступіў у навіцыят капуцынаў у Марконе пад імем Піо. Меў слабое здароўе, але гэта не стала перашкодай для святарскага жыцця, якое распачаў у 1910 годзе.

Айцец Піо быў чулы да духоўных і фізічных патрэбаў і цярпення людзей. На ахвяраванні, што прыносілі яму вернікі, пабудаваў шпіталь, які назваў «Домам палёгкі ў цярпенні». Падчас яго апошняй святой Імшы стыгматы на руках зніклі, а ў наступную ноч, 23 верасня 1968 года, калі тысячы вернікаў сабраліся ў Сан Джавані Ратонда, каб адзначыць 50-тую гадавіну стыгматаў будучага святога і прыняць удзел ў Міжнароднай канферэнцыі груп малітвы, айцец Піо памёр.

2 мая 1999 года ён быў абвешчаны благаслаўлёным, а 16 чэрвеня 2002 года папа Ян Павел ІІ у Рыме ў прысутнасці соцен тысяч вернікаў абвясціў айца Піо святым.

У Беларусі добра ведаюць святасць італьянскага капуцына. Парафя св. Казіміра ў Маладзечне кожны аўторак запрашае пасля св. Імшы на няспынную навэнну да святога айца Піо. Тут будуецца санктуарый у гонар святога.

Таксама парафія ў Лёзне (Віцебская дыяцэзія) была названа ў гонар святога з П’етрэльчыны.







All the contents on this site are copyrighted ©.