Папа адчувае ўдзячнасць і радасць ад сваго візіту ў Вялікабрытанію
Сустрэча з каралевай
Елізаветай ІІ, святыя Імшы з удзелам дзесяткаў тысяч вернікаў у Глазго, Лондане і
Бірмінгеме, дзе Папа беатыфікаваў кардынала Джона Генры Ньюмана, міжрэлігійныя, экуменічныя,
дзяржаўныя сустрэчы, спатканні з моладдзю — гэта найважнейшыя пункты 17 замежнага
візіту Бэнэдыкта XVI. Дэвізам падарожжа, якое адбывалася з 16 па 19 верасня, былі
словы благаслаўлёнага кардынала Джона Генры Ньюмана: «Сэрца гаворыць да сэрца».
Святы
Айцец наведаў чатыры гарады ў Шатландыі і Англіі: Эдынбург, Глазго, Лондан і Бірмінгем.
Большасць англійскіх СМІ падкрэслівае, што гэты візіт стаў гістарычным не толькі таму,
што кіраўнік Каталіцкага Касцёла ўпершыню прыбыў у Англію па запрашэнні каралевы і
дзяржаўных уладаў, а перш за ўсё з-за таго паслання, якое пакінуў тут папа Бэнэдыкт
XVI. Гэты візіт змяніў вобраз Святога Айца і Каталіцкага Касцёла ў вачах брытанцаў.
Замест сур’ёзнага Папы яны ўбачылі сціплага і прыязнага чалавека. Бэнэдыкт XVI заслужыў
тут прызнанне і павагу.
Адным з галоўных матываў падарожжа Папы было пытанне
адносна месца рэлігіі ў ліберальным, плюралістычным грамадстве. На радзіме лібералізму
Бэнэдыкт XVI звяртаў увагу на ўрок, які даў атэістычны экстрэмізм XX стагоддзя і перасцярог
перад выключэннем Бога, рэлігіі і цнотаў з публічнага жыцця. Пантыфік заклікаў брытанцаў
да пашаны традыцыйных каштоўнасцей і звярнуў увагу на небяспечнасць найбольш агрэсіўных
форм секулярызму. Святы Айцец казаў не толькі аб месцы рэлігіі ў грамадстве, але і
нагадаў брытанцам аб іх хрысціянскіх каранях.
Падчас пілігрымкі Папа паказаў
наколькі несправядлівым з’яўляецца меркаванне аб тым тым, што ён не шмат зрабіў у
барацьбе з сексуальнымі злоўжываннямі ў Касцёле. Востра крытыкуючы педафілію, Бэнэдыкт
XVI не абмежаваўся толькі словамі, але сустрэўся з ахвярамі злоўжыванняў.
З
вялікай увагай грамадства сачыла за экуменічнымі і міжрэлігійнымі сустрэчамі Святога
Айца. Яны былі важнымі перш за ўсё для брытанскіх католікаў і англіканаў, якія стаяць
перад праблемай, як захаваць месца рэлігіі ў публічным жыцці ў часе беспрэцэдэнтнага
ўціску з боку секулярызму.
Кульмінацыяй паскага візіту на Брытанскія Астравы
стала беатыфікацыя кардынала Джона Генры Ньюмана, тэолага і філосафа, канвертыта з
англіканства. Гэта была першая беатыфікацыйная ўрачыстасць, якую Папа правёў асабіста
ад пачатку свайго Пантыфікату.
Адносна ўражанняў Папы ад візіту ў Вялікабрытанію
паведаміў ксёндз Фэдэрыка Ламбардзі SI, кіраўнік Прэс-службы Апостальскай Сталіцы,
адзначыўшы, што Пантыфік адчувае ўдзячнасць і радасць ад сваго знаходжання ў Англіі.