2010-09-18 14:47:00

“Паглядзіце ў ваша сэрца”. Папа да моладзі ў Вэстмінстэры


RealAudioMP3 На прыканцы святой Імшы Папа звярнуўся да моладзі, якая сабралася ў Вэстмінстэрскай катэдры:

"Дарагаія маладыя сябры!

Дзякуй за ваш сардэчны прыём! “Сэрца гаворыць да сэрца” – як вы ведаеце гэтыя словы, якія так любіў кардынал Ньюман, я выбраў тэмай майго падарожжа. У гэты кароткі час, які мы маем для нашай сустрэчы, я хачу гаварыць да вас ад усяго майго сэрца, і я прашу вас адкрыць вашыя сэрцы на тое, што я хачу сказаць вам.

Перш за ўсё, я хачу папрасіць кожнага з вас паглядзець у ваша сэрца. Падумайце аб той любові, якую атрымала ваша сэрца, аб той, якой трэба дзяліцца з іншымі. Бо мы створаны для любові. Гэта мае на ўвазе Біблія, калі кажа, што мы створаны на вобраз Бога. Мы створаны для таго, каб пазнаць любоў Бога – Бога, які ёсць Айцец і Сын і Дух Святы – і знайсці наш апошні спачын у гэтай Божай любові, якая не ведае ні пачатку і канца.

Мы былі створаны для любові і мы яе пазналі. Кожны дзень мы павінны дзякаваць Богу за Любоў, якую мы ўжо пазналі, за Любоў, якая стварыла нас такімі, якімі мы ёсць, за Любоў, якая паказала нам тое, што сапраўды важна ў жыцці. Мы павінны дзякаваць Богу за любоў, якую мы атрымалі ў нашай сям'і, ад нашых сяброў, нашых настаўнікаў і ўсіх тых людзей, якія дапамаглі нам зразумець, наколькі важнымі мы з'яўляемся ў іх вачах і ў вачах Бога.

Мы створаны таксама для таго, каб дзяліцца любоўю, каб укладаць любоў у тое, што інспіруе наша дзеянне да найбольш вартасных рэчаў у нашым жыцці. Гэта праяўляецца тады, калі мы атрымоўваем пачуццё любові, калі наша сэрца напаўняецца шчодрасцю, ідэалізмам, патрэбай дапамагчы іншым і пабудаваць лепшы свет. З іншага боку, мы адчуваем наколькі цяжка любіць; наколькі лёгка нашыя сэрцы паддаюцца эгаізму, заздасці і гардыні.

Вось тое пасланне, якое я сёння хачу да вас скіраваць. Я прашу вас кожны дзень заглядаць у ваша сэрца, каб знайсці там крыніцу сапраўднай любові. Там заўсёды знаходзіцца Езус, Ён спакойна чакае нас, каб мы ў цішыні пачулі Яго голас. У цішыні вашых сэрцаў Ён кліча вас, каб вы знайшлі час застацца з Ім на малітве. Гэта мастацтва малітвы, сапраўднай малітвы, патрабуе дысцыпліны: патрабуе кожны дзень знайсці момант цішыні. Гэта значыць, дачакацца моманту, калі сэрца пачне гаварыць.

Сэрца гаворыць да сэрца. З гэтымі словамі, якія кажу да вас ад сэрца, дарагія маладыя сябры, абяцаю вам маю малітву за вас, каб вашае жыццё прынесла багатыя плёны для будавання цывізацыі любові. Я прашу вас таксама маліцца за мяне, за маё служэнне як Наступніка святога Пятра і за патрэбы Касцёла ва ўсім свеце. Вам, вашым сем'ям і вашым сябрам я ад сэрца жадаю мудрасці, радасці і супакою."







All the contents on this site are copyrighted ©.