2010-09-17 15:35:24

Папа да каталіцкіх настаўнікаў і вучняў: "Жыццё ў веры павінна быць рухаючай сілай любой дзейнасці"


Другі дзень падарожжа Святога Айца ў Вялікабрытанію вельмі багаты па сваёй праграме. Ён пачаўся з наведвання Каталіцкага Універсітэцкага Каледжа Святой Марыі ў Твікэнхэме, дзе Папа сустрэўся з прадстаўнікамі каталіцкай адукацыі і звярнуўся да іх са сваёй прамовай.

“Я з радасцю, – сказаў Святы Айцец – карыстаючыся магчымасцю, выказваю пашану за выдатны ўклад, які ўнеслі законнікі і законніцы ў такую высакародную справу, як адукацыя. Усім тым мужчынам і жанчынам, якія прысвяцілі сваё жыццё навучанню маладых людзей, я хацеў бы выказаць маю глыбокую ўдзячнасць. Вы даеце новым пакаленням не толькі рэлігійныя веды, але і фарміруеце жыццёвыя аспекты, якія кажуць, што значыць быць падрыхтаванымі і адказнымі грамадзянамі ў сучасным свеце.

Часта каталіцкія фонды рабілі ўклад у адукацыю задоўга да таго, як дзяржава брала на сябе адказнасць за гэтую жыццёва важную паслугу для асобы і грамадства. Супрацоўніцтва Касцёла і дзяржавы ў сферы адукацыі працягвае развівацца. Вы ніколі не павінны забываць, што менавіта законнікі маюць абавязак рабіць унікальны ўклад у развіццё гэтага апостальства, крыніцай якога з’яўляецца кансэкраванае жыццё, прысвечанае Богу, і вернасць, асвячоная Богам, вернасць любові Хрыста, Вялікага Настаўніка. Акрамя таго, прысутнасць законнікаў у каталіцкіх школах з’яўляецца настойлівым заклікам да шырокага абмеркавання каталіцкага характару, які павінен закранаць усе аспекты школьнага жыцця. Гэта ўказвае на відавочную неабходнасць таго, каб змест навучання адпавядаў навучанню Касцёла. Гэта азначае, што жыццё ў веры павінна быць рухаючай сілай любой дзейнасці ў школе, каб эфектыўнай была місія Касцёла ў служэнні маладым людзям у адкрыванні радасці Хрыстовага «быцця для іншых» (пар. Spe Salvi, 28).

Жыццё ў веры на самой справе толькі тады можа развівацца эфектыўна, калі будзе пераважаць атмасфера даверу, павагі і сяброўства. Спадзяюся, што гэта як і раней будзе з’яўляцца характэрнай рысай каталіцкіх школ у вашай краіне.”

Затым Папа скіраваўся на школьны стадыён, дзе яго чакалі вучні каталіцкіх школ, да якіх Святы Айцец скіраваў сваю прамову:

"Не часта выдаецца Папе — на самой справе і іншай асобе — магчымасць прамаўляць адначасова да вучняў усіх каталіцкіх школ у Англіі, Уэльса і Шатландыі. Паколькі ж у мяне зараз з’явілася такая магчымасць, я ад усяго сэрца жадаю вам нешта сказаць. Маю надзею, што сярод тых, хто сёння знаходзіцца тут і слухае мяне, ёсць будучыя святыя ХХІ стагоддзя. Справа ў тым, што Бог хоча, каб кожны з вас стаў святым. Ён любіць вас больш, чым вы можаце сабе гэта ўявіць, і жадае для вас самага лепшага. І самае галоўнае для вас сёння — узрастанне ў святасці.

Я прашу вас не абмяжоўвацца адной мэтай, ігнаруючы ўсе іншыя. Маючы грошы, трэба быць шчодрым і рабіць дабро ў гэтым свеце, бо яны самі па сабе не могуць зрабіць нас шчаслівымі. Быць адораным у нейкіх ведах, дзейнасці або прафесіі — добра, але гэта ніколі не зможа задаволіць нас, пакуль мы маем магчымасць дасягнуць нечага большага. Гэта можа зрабіць нас вядомымі, але ніколі шчаслівымі. Шчасце — гэта тое, да чаго мы ўсе імкнемся. Аднак адной з найвялікшых трагедый у гэтым свеце з’яўляецца тое, што многія не могуць яго знайсці, таму што шукаюць у няправільных месцах. Рашэнне гэтай праблемы простае: сапраўднае шчасце можна знайсці ў Бога. Нам патрэбна мужнасць, каб ускладаць нашы сардэчныя надзеі толькі ў Богу, а не ў грошах, кар’еры, поспеху, ці ў адносінах з іншымі. Толькі Бог можа задаволіць самыя глыбокія патрэбы нашых сэрцаў.

Бог не толькі любіць нас з глыбінёй і інтэнсіўнасцю, якія мы наўрад ці можам сабе ўявіць. Ён прапануе нам рэагаваць на гэтую любоў. Кожны з вас ведае, што адбываецца, калі сутстракаеш кагосьці цікавага і прывабнага. Хочацца сябраваць з гэтым чалавекам. Вы спадзяецеся, што чалавек, якога вы лічыце цікавым і прывабным, захоча пасябраваць з вамі. Так і Бог жадае сяброўства з вамі. І як толькі вы ўвайшлі ў сяброўства з Богам, усё ў вашым жыцці пачынае мяняцца.

На заканчэне Папа сказаў: Добрая школа прапаноўвае асобе комплекснае навучанне. Добрая ж каталіцкая школа, акрамя гэтага, павінна дапамагчы сваім вучням стаць святымі. Я ведаю, што ў каталіцкіх школах Вялікабрытаніі ёсць шмат людзей не каталіцкага веравызнання, да якіх я сёння хацеў бы скіраваць свае словы. Я малюся, каб і вы разам са сваімі аднагодкамі католікамі пачулі заклік праяўляць цноту і радасць у спазнанні сяброўства з Богам. Вы пашыраеце іх гарызонты, якія выходзяць па-за межы школы, і несумненна, сяброўства і павага да прадстаўнікоў іншых рэлігійных традыцый павінна быць адной з каштоўнасцяў, якія пазнаюцца ў каталіцкай школе. Я таксама спадзяюся і заахвочваю вас да цнатлівага жыцця і ўзрастання ў веры і прыязнасці з Богам побач са сваімі каталіцкімі сябрамі."







All the contents on this site are copyrighted ©.