2010-09-16 19:15:33

«Мы маем права не жыць у джунглях свабоды самаразбурэння і ўсёдазволенасці». Святы Айцец у Глазга (поўны тэкст гаміліі)


Гамілія Святога Айца Бэнэдыкта XVI
Бэллах'юстанпарк
(Глазга — чацвер, 16 Верасня 2010)


Дарагія браты і сёстры ў Хрысце,

«Наблізілася да вас Валадарства Божае» (пар. Лк 10, 9). З гэтымі словамі Евангелля, якое мы толькі што чулі, я вітаю ўсіх вас з вялікай любоўю ў Пану. Сапраўды, Божае Валадарства ўжо сярод нас! У гэтай Эўхарыстычнай цэлебрацыі, падчас якой Касцёл у Шатландыі збіраецца вакол алтара ў адзінстве з Наступнікам святога Пятра, мы пацвярджаем нашу веру ў словы Хрыста, і ўскладаем надзею, — якая ніколі не расчароўвае — на Яго абяцанні! Сардэчна вітаю кардынала О’Брайена і шатландскіх біскупаў, і дзякую, у прыватнасці, арцыбіскупу Конці за цёплыя словы прывітання, адрасаваныя мне ад Вашага імя. Я хацеў бы выказаць маю глыбокую ўдзячнасць за працу, якую зрабілі брытанскі і шатландскі ўрады, а таксама муніцыпалітэт Глазга, каб гэты візіт адбыўся.

Сённяшнее Евангелле нагадвае нам аб тым, што Хрыстус працягвае пасылаць сваіх вучняў у свет, каб абвясцілі надыход Яго валадарства і неслі супакой усяму свету, пераходзячы з дома ў дом, ад сям’і да сям’і, з горада ў горад. Я прыходжу да вас, духоўныя дзеці святога Андрэй, як той, хто хоча абвяшчаць вам гэты супакой, і ўмацаваць вас у веры Пятра (пар. Лк 22, 32). З хваляваннем я звяртаюся да вас, знаходзячыся недалёка ад таго месца, дзе мой узлюблены папярэднік папа Ян Павел II каля 30 гадоў таму цэлебраваў святую Імшу з вамі, прыняты найбуйнейшай групай людзей, якая калі-небудзь збіралася ў шатланскай гісторыі.

З таго гістарычнага візіту шмат чаго адбылося ў Шатландыі і ў Касцёле гэтай краіны. Я з вялікім задавальненнем адзначаю, што заклік папы Яна Паўла ІІ, ісці рука ў руку з вашымі братамі хрысціянамі, прывёў да росту даверу і сяброўства з членамі Царквы Шатландыі, Шатландскай Епискапальнай Царквы і іншых хрысціянскіх супольнасцяў. Дазвольце мне падбадзёрыць вас працягваць маліцца і працаваць з імі дзеля будаўніцтва светлай будучыні Шатландыі, зыходзячы з нашай агульнай хрысціянскай спадчыны. У першым чытанні сёння мы пачулі заклік святога Паўла да Рымлянаў прызнаць, што як члены Цела Хрыстовага мы павінны належаць адно аднаму (пар. Рым 12, 5) і жыць з павагай і любоўю адно да аднаго. У гэтым духу я вітаю прадстаўнікоў іншых хрысціянскіх канфесій, якія ўшанавалі нас сваёй прысутнасцю. У гэтым годзе адзначаецца 450-годдзе «Рэфармацыі парламента», а таксама стагоддзе з дня Сусветнай місіянерскай канферэнцыі ў Эдынбургу, якая, як правіла, разглядаецца як пачатак нараджэння сучаснага экуменічнага руху. Мы дзякуем Пану за экуменічнае супрацоўніцтва, з улікам гарманічнага сведчання выратавальнай ісціны слова Божага ў сённяшнім зменлівым грамадстве.

Дары, якія святы Павел пакінуў у якасці сваіх лістоў аб ідэнтыфікацыі Касцёла, з’яўляюцца для вас крыніцай навучання (пар. Рым 12, 7). Прапаведаванне Евангелля заўсёды суправаджаецца заклапочанасцю лёсам гэтага слова: слова, натхнёнае Богам, і культура, у якой гэтае слова мае корань і расце. Тут, у Шатландыі, знаходзяцца тры сярэднявечных універсітэта, заснаваныя Пантыфікамі, уключаючы Універсітэт святога Андрэй, шасцісотгоддзе заснавання якога мы зараз адзначаем. У апошнія дзесяцігоддзі з дапамогай дзяржаўных уладаў, шатландскія каталіцкія школы ўзялі на сябе задачу забеспячэння ўсеагульнай адукацыяй вялікай колькасці вучняў, і гэта павінна было дапамагчы маладым людзям не толькі знайсці шлях чалавечага і духоўнага развіцця, але і дарогу ўступлення ў прафесійнае і грамадскае жыццё. Гэта знак вялікай надзеі для Касцёла і таму я хацеў бы заклікаць шатландскіх спецыялістаў, палітыкаў і настаўнікаў каталіцкага веравызнання не выпускаць з ўвагі сваё пасланне выкарыстоўваць таленты і вопыт на службе веры, згодна з сучаснай шатландскай культурай на ўсіх яе узроўнях.

Евангелізацыя культуры становіцца ўсё больш важнай у наш час, калі пагражае «дыктатура релятывізму», якая імкнецца схаваць праўду аб нязменнай прыродзе чалавека, яго лёсе і яго канчатковай мэце. Некаторыя ж імкнуцца выключыць рэлігію з грамадскай сферы, прыватызаваць ці нават прадставіць яе ў якасці пагрозы для роўнасці і свабоды. Наадварот, рэлігія на самой справе з’яўляецца гарантыяй сапраўднай свабоды і павагі, якая дапамагае глядзець на кожнага чалавека, як на брата і сястру. З гэтай прычыны я звяртаюся ў прыватнасці да вас, свецкія вернікі, тых, хто ў адпаведнасці з вашым хростам мае пакліканне і місію не толькі быць прыкладам публічнай веры, але таксама прыкладам мудрасці і візіі свету, якая вынiкае з веры. Сучаснае грамадства патрабуе яснага голасу, які кажа аб нашым праве не жыць у джунглях свабоды самаразбурэння і ўсёдазволенасці, але ў грамадстве, якое працуе дзеля рэальнага дабрабыту сваіх грамадзян, прапаноўваючы ім кіраўніцтва і абарону ў слабасці і нямогласці. Не бойцеся прысвяціць гэтую паслугу дзеля вашых братоў і сясцёр, а таксама будучыні сваёй любімай краіны.

Святы Ніній, чыё святое імя мы ўспамінаем сёння, не баяўся быць голасам, які кліча ў пустыні. Наследуючы вучняў, якіх Пан паслаў наперад, Ніній быў адным з першых каталіцкіх місіянераў, які данёс да сваіх суайчыннікаў добрую вестку Езуса Хрыста. Яго місія ў Гэллоуэй стала першым евангелізацыйным цэнтрам краіны. Гэтая праца была працягнута пазней святым Мунга, апекуном Глазга, а таксама іншымі святымі, найбуйнейшых з якіх мы павінны памятаць: святога Калумба і святую Маргарыту. Натхнёныя імі, многія мужчыны і жанчыны працавалі на працягу стагоддзяў дзеля распаўсюджвання веры сярод вас. Пастарайцеся быць годнымі гэтай вялікай традыцыі! Няхай вашым пастаянным натхненнем будуць словы апостала Паўла з першага чытання: «Не лянуйцеся рабіць дабро, але будзьце стараннымі ў духу служэння Пану. Будзьце радасныя ў надзеі, нязменныя ў смутку, цвёрдыя ў малітве» (пар. Рым 12, 11–12).

Цяпер я хацеў бы скіраваць асаблівыя словы біскупам Шатландыі. Дарагія браты, дазвольце мне заклікаць вас да пастырскай адказнасці за католікаў Шатландыі. Як вы ведаеце, гэта адзін з першых пастырскіх абавязкаў для вашых святароў (гл. Ordinis, 7) і для іх асвячэння. Якімі Alter Christus яны з’яўляюцца для каталіцкай супольнасці, такімі і вы з’яўляецеся для яе. Жывіце ў паўнаце любові, якая зыходзіць ад Хрыста, у вашым брацкім служэнні з вашымі святарамі, якія працуюць з вамі, асабліва тымі, якія маюць не шмат кантактаў з іншымі братамі. Маліцеся з імі, каб Пан жніва паслаў працаўнікоў на жніво сваё (пар. Лк 10, 2). Дзякуючы Эўхарыстыі, якую цэлебруе Касцёл, святарства мае найважнейшае значэнне для жыцця Касцёла. Бярыце асабісты ўдзел у фарміраванні сваіх святароў, каб натхнялі іншых цалкам прысвяціць сябе служэнню Богу Усемагутнаму. Клапаціцеся таксама аб вашых дыяканах, чыё служэнне непасрэдна звязана з служэннем біскупаў. Вы з’яўляецеся для іх бацькамі і праваднікамі на шляху да святасці, заахвочваючы іх да пошуку мудрасці і выканання місіі прапаведнікаў, да якой былі пакліканы.

Дарагія святары Шатландыі, вы пакліканы, каб ў святасці служыць народу Божаму ў фарміраванні свайго жыцця згодна з таямніцай Крыжа Пана, прапаведаваць Евангелле ад чыстага сэрца і сумлення. Прысвяціць сябе Богу, і стаць яскравым прыкладам святога, простага і радаснага жыцця для маладых людзей: яны, у сваю чаргу, далучацца да вас у стараннях служэння народу Божаму. Няхай прыклад самаахвярнасці, шчодрасці і мужнасці Яна Агілві натхніць вас усіх. Акрамя таго, дазвольце мне заклікаць вас, манахі, законнікі і законніцы Шатландыі, каб былі, як святло, пастаўленае на вяршыні пагорка, і жылі сапраўдным хрысціянскім жыццём у малітве і справах, як сведкі, у свеце, асветленым моцай Евангелля.

Нарэшце, у мяне ёсць слова да вас, мае дарагія маладыя католікі Шатландыі. Я заклікаю вас весці жыццё, годнае нашага Пана (гл. Эф 4,1) і саміх сябе. Ёсць шмат спакусаў, з якімі вы сутыкаецеся кожны дзень — наркотыкі, грошы, секс, парнаграфія, алкаголь — што, паводле сённяшняго свету, дае шчасце, хоць на самой справе, гэта разбурае і стварае ўнутраны раскол. Існуе толькі адна сапраўдная рэч: асабістая любоў Езуса Хрыста да кожнага з вас. Шукайце, пазнавайце і любіце Яго, і Ён зробіць вас свабоднымі ад рабства прывабных, але часта павярхоўных рэчаў, якія прапануе сённяшняе грамадства. Пакінем у баку тое, што не варта нашай увагі, і звернем яе да ўласнай годнасці, як Божых дзяцей. У сённяшнім Евангеллі Езус просіць нас маліцца аб пакліканні: я малюся аб тым, каб многія з вас пазналі і палюбілі Езуса Хрыста, і праз гэта цалкам прысвяцілі сябе Богу, тым больш, што многія з вас пакліканы
да святарства і законнага жыцця. Гэта заклік, які Пан кіруе да вас сёння: Касцёл сёння належыць вам!

Дарагія сябры, я яшчэ раз выказваю сваю радасць з нагоды гэтай святой Імшы з вамі. Я рады маліцца з вамі на старажытнай мове вашай краіны: Sìth agus beannachd Dhe dhuib uile; Dia bhi timcheall oirbh; agus gum beannaicheadh Dia Alba. Супакой і благаслаўленне Божае няхай будзе з усімі вамі, няхай Бог бароніць вас, няхай Бог благаславіць народ Шатландыі!








All the contents on this site are copyrighted ©.