2010-09-15 12:19:30

Падарожжа Папы ў Вялікабрытанію пад дэвізам “Сэрца гаворыць сэрцу”


RealAudioMP3 Заўтра, 16 верасня, пачынаецца сямнаццатае Апостальскае падарожжа папы Бэнэдыкта ХVI за межы Італіі. На гэты раз Святы Айцец наведае Вялікабрытанію. Як паведамляюць нашы карэспандэнты, якія ўжо знаходзяцца ў Аб’яднаным Каралеўстве, англічане чакаюць гэтага падарожжа і называюць яго гістарычным.

Гістарычнымі і сімвалічнымі будуць шматлікія моманты гэтага падарожжа. Візіт мае ранг дзяржаўнага па прычыне запрашэння Папы каралевай Елізаветай ІІ, якая заўтра сустрэнецца са Святым Айцом у калалеўскім палацы “Холірудхаус” у Эдынбургу. Падарожжа пачнецца з Шатландыі. Затым Папа накіруецца ў Лондан, дзе акцэнт будзе пастаўлены на душпастырскі і экуменічны аспекты яго падарожжа. Папа адправіць святую імшу ў Вестмінстэрскай катэдры, наведае Арцыбіскупа Кантэрберыйскага ў Ламберцкім палацы і правядзе экумэнічныя нешпары ў Вестмінстэрскім абацтве.

Падарожжа будзе мець таксама культурны характар. Папа звернецца з прамовай да студэнтаў і выкладчыкаў Універсітэтскага Коледжу Святой Марыі ў Твікенхэм. Гістарычнай будзе прамова Святога Айца да грамадзтва Англіі ў “Вестмінстэр Хол”.

Папа будзе прамаўляць да сэрца ангельцаў і гэта падкрэслівае дэвіз падарожжа, аўтарам якога з’яўляецца кардынал Джон Генры Нюман, якога Бэнэдыкт ХVI беатыфікуе 19 верасня, у нядзелю.







All the contents on this site are copyrighted ©.