2010-09-15 11:27:39

Кардынал Джон Генры Ньюман. Хто ён?


RealAudioMP3 У апошні дзень свайго падарожжа ў Вялікабрытанію Бэнэдыкт XVI здзейсніць беатыфікацыю Слугі Божага кардынала Джона Генры Ньюмана.

Джон Генры Ньюман нарадзіўся 21 лютага 1801 года ў Лондане. Вывучаў англіканскую тэалогію у Оксфардзе, а ў 1824 годзе стаў пастарам Англіканскага Касцёла. З каталіцызмам пазнаёміўся падчас свайго падарожжа ў Італію. Пасля вяртання ў Англію заснаваў у Оксфардзе англіканскі аднаўленчы рух, мэтай якога стала адкрыццё каталіцкай спадчыны ў літургіі, тэалогіі і структуры Касцёла.

Пасля некалькіх гадоў вывучэння прац Айцоў Касцёла Ньюман прыйшоў да высновы, што не Каталіцкі Касцёл памыліўся ў сваім навучанні, а Ангельскі Нацыянальны Касцёл адышоў далёка ад першаснага паслання веры. Восенню 1845 году вырашыў перайсці на каталіцызм і 9 кастрычніка быў афіцыйна прыняты да Каталіцкага Касцёла.

Пасля навучання ў Рыме ў 1846 годзе Джон Генры атрымаў святарскае пасвячэнне і праз кароткі час уступіў у кангрэгацыю Айцоў Філіпінаў. У цяжкія часы XIX стагоддзя супраць Ньюмана былі высунуты фальшывыя абвінавачванні ў празмерным лібералізме, у выніку чаго ён быў вымушаны пакінуць публічнае касцльнае жыццё.

Папа Леў XIII цалкам рэабілітаваў былога канвертыта і 12 мая 1879 года надарыў яго годнасцю кардынала. Джон Генры Ньюман памёр у Бірмінгеме 11 жніўня 1890 года.

У каталіцкай тэалогіі Ньюман зрабіў вялікі ўклад у канцэпцыю развіцця дагматаў. Яго думка значна паўплывала на каталіцкую тэалогію. Напісаў вялікую колькасць тэалагічных прац.

Беатыфікацыйны працэс Ньюмана пачаўся ў 1986 годзе. У 1991 годзе Ян Павел ІІ падпісаў дэкрэт аб гераічнасці цнотаў.

Для беатыфікацыі быў патрэбны цуд праз заступніцтва кардынала Ньюмана. Пераломным момантам стаў выпадак з 70-гадовым Джэкам Суліванам з ЗША, які меў сур’ёзную хваробу пазваночніка. Ад самага пачатку ён быў перакананы, што стаў здаровым дзякуючы малітве ў інтэнцыі беатыфікацыі кардынала Ньюмана. Мужчына, які доўгія гады не ўставаў з ложка, ізноў можа нармальна хадзіць.

Пасля вывучэння гэтага выпадку 3 ліпеня 2009 года Бэнэдыкт XVI даў паўнамоцтвы Кангрэгацыі па справах Кананізацыі апублікаваць дэкрэт пацвярджаючы цуд праз заступніцтва кардынала.

Беатыфікацыя Джона Генры Ньюмана адбудзецца ў Кофтан Парк у Бірмінгеме ў нядзелю, 19 верасня.







All the contents on this site are copyrighted ©.