2010-09-15 16:16:49

Агульная аўдыенцыя. Святы Айцец заклікаў да міру ў рэгіёнах Паўднёвай Азіі


RealAudioMP3 Сённяшняя агульная аўдыенцыя Святога Айца адбылася ў зале Паўла VI. Сваю катэхэзу Папа прысвяціў святой Клары з Асізі.

Дарагія браты і сёстры! – сказаў Папа. Адной са святых, якую найбольш любяць, несумненна з’яўляецца святая Клара з Асізі, якая жыла ў ХІІІ стагоддзі і была сучасніцай святога Францішка. Яе сведчанне паказвае нам, як увесь Касцёл абавязаны годнасці адважных і багатых вераю жанчын, такіх, як святая Клара, здольных даць вырашальны імпульс для аднаўлення Касцёла.

Кім жа стала святая з Асізі? Адказаць на гэтае пытанне нам дапамогуць надзейныя крыніцы: не толькі старажытныя біяграфіі, як, напрыклад, Тамаша з Чэлі, але таксама Акты кананізацыйных працэсаў, якія зацвердзіў Папа Рымскі праз некалькі месяцаў пасля смерці Клары і якія змяшчаюць сведчанні тых, хто жыў побач з ёй на працягу доўгага часу.

Клара нарадзілася ў 1193 годзе, належала да багатай і арыстакратычнай сям’і. Адмовілася ад высакароднага і багатага жыцця, каб стаць беднай і простай асобай, прыняўшы форму жыцця, якую прапанаваў Францішак з Асізі. Нягледзячы на тое, што яе родныя прапанавалі ёй выйсці замуж за багатага чалавека, Клара ва ўзросце 18 гадоў з адвагаю, натхнёная жаданнем наследаваць Хрыста і захопленая духоўным жыццём Францішка, пакідае бацькоўскі дом і разам са сваёй сяброўкай Бонай Гуэльфучо, патаемна ўступае ў супольнасць братоў меншых (франціканаў) у мясцовасці Парцыункуле. Гэта было вечарам у Вербную нядзелю ў 1211 годзе. У хваляванні быў здзейснены вельмі сімвалічны жэст: калі яе таварышы трымалі ў руках запаленыя ліхтарыкі, Францішак адрэзаў ёй валасы і Клара апранулася ў пакаяннае адзенне. З гэтага часу яна стала цнатлівай нявестай Хрыста, сціплай і беднай, і цалкам прысвяціла сябе Езусу. Падобна Клары і яе паплечніцам, многія жанчыны на працягу ўсёй гісторыі былі зачараваны любоўю да Хрыста, які ў прыгажосці сваёй Боскай Асобы напаўняе іхнія сэрцы. І ўвесь Касцёл праз містычнае пакліканне кансэкраваных дзеваў паказвае, кім будзе заўсёды — прыгожай і чыстай Нявестай Хрыста.

Асабліва ў пачатку свайго рэлігійнага досведу Клара брала прыклад з Францішка з Асізі, не толькі як настаўніка, але таксама блізкага сябра. Прыязнасць паміж гэтымі двума святымі стварае вельмі прыгожы і важны аспект. Сапраўды, калі дзве чыстыя душы, запаленыя той жа самай любоўю да Бога, сустракаюцца, яны атрымліваюць ад узаемнай прыязнасці магутны стымул ісці па шляху дасканаласці. Прыязнасць з’яўляецца адным з самых высакародных чалавечых пачуццяў, праз якія Божая ласка ачышчае і аднаўляе.

Прабыўшы некалькі месяцаў у іншых манаскіх супольнасцях, супраціўляючыся ўгаворам сваёй сям’і, якія з самага пачатку не адобрывалі яе выбар, Клара пачынае жыць са сваімі сяброўкамі пры касцёле святога Даміяна, дзе браты меншыя стварылі для іх невялікі кляштар. У гэтым кляштары яна пражыла больш за 40 гадоў аж да сваёй смерці ў 1253 годзе.

Гісторыя добра ведае, як жылі гэтыя жанчыны ў тыя гады, у пачатку заснавання францішканскай супольнасці. Справа ідзе пра аповед аднаго фламандскага біскупа Джакомо Вітры, які пабываў у Італіі і які сцвярджае, што знайшоў вялікую колькасць мужчын і жанчын з розных сацыяльных слаёў, якія «пакідалі ўсё дзеля Хрыста, адыходзячы ў свет. Яны называліся меншымі братамі і сёстрамі і мелі вялікае пашану ў Папы і кардыналаў. Жанчыны... яны жывуць у розных дамах, недалёка ад горада. Нічога не атрымліваюць, але жывуць з працы рук сваіх. І яны глыбока засмучаныя і занепакоеныя, таму што духавенства і свецкія вернікі аддаюць ім большую пашану, чым яны хацелі б» (з ліста ад кастырчніка 1216 года).

У кляштары святога Даміяна Клара практыкавала, у гераічны спосаб, дабрачыннасці, якія павінны характарызаваць кожнага хрысціяніна: пакору, дух пабожнасці і пакаяння, міласэрнасць. Хоць яна была настаяцельніцай, аднак першая хацела служыць хворым законніцам, а таксама, з улікам найбольш сціплых задач, чыніла дабрачыннасць, якая сапраўды пераадольвае любы супраціў, а хто любіць, чыніць любую ахвяру з радасцю.

Удзячныя Богу, які дае нам святых, якія прамаўляюць да нашых сэрцаў, даюць нам прыклад хрысціянскага жыцця да наследавання, я хацеў бы, — сказаў Папа, — закончыць сваю катэхезу тымі самымі словамі святой Клары, прамоўленымі ёй да законніцы, з якой жыла ў кляштары, што таксама і сёння кларыскі, якія праз сваю малітву і працу выконваюць важную ролю ў Касцёле, захоўваюць яе з вялікай адданасцю. Гэта выразы, якія паказваюць пяшчотнасць духоўнага мацярынства Клары: «Я благаслаўляю вас у маім жыцці і пасля маёй смерці, як магу і больш чым магу, з усімі благаслаўленнямі, з якімі Айцец міласэрнасці благаславіць і будзе благаслаўляць на небе і на зямлі сыноў і дочак, і з якімі духоўны бацька і маці благаславіць сваіх духоўных сыноў і дочак. Амэн».

Пасля сваёй галоўнай катэхезы Святы Айцец заклікаў да міру ў рэгіёнах Паўднёвай Азіі і запэўніў вернікаў аб малітве за ахвяраў гэтых канфліктаў. «Я з трывогаю сачу за падзеямі, якія адбыліся ў раёнах Паўднёвай Азіі, асабліва ў Індыі, Пакістане і Аўганістане. Малюся за ахвяраў і ўпрошваю, каб пашана рэлігійнай свабоды і логіка прымірэння і міру не дапусцілі нянавісці і насілля».

На заканчэнне Святы Айцец удзяліў усім прысутным сваё апостальскае благаслаўленне.








All the contents on this site are copyrighted ©.