2010-09-14 12:20:10

Святкаванні 100-годдзя нараджэння Маці Тэрэзы распачаліся ў Парыжы


RealAudioMP3 Сёння, 14 верасня, у сталіцы Францыі распачаліся святкаванні 100-годдзя нараджэння Маці Тэрэзы з Калькуты, якую таксама называюць «Маці бедных». Менавіта яна ў 1979 годзе атрымала Нобелеўскую прэмію міра. Святкаванні арганізавала ЮНЕСКА і пастаяннае прадстаўніцтва Рэспублікі Індыя пры гэтай арганізацыі ў Парыжы.

Агнэса Гонджа Баяджыу нарадзілася ў сям’і македонскіх албанцаў-католікаў у 1910 г. У 18 гадоў паехала ў Ірландыю, дзе ўступіла ў місіянерскі Ордэн Сясцёр Ларэтанак. У 1929 г. Ордэн накіраваў Агнэсу ў Індыю, дзе яна прыняла імя Тэрэза ў гонар св. Тэрэзы з Лізье. У 1946 г. будучая благаслаўлёная зразумела, што яе пакліканне — служыць самым убогім. Пакінуўшы кляштар у 1948 г., яна прыняла індыйскае грамадзянства і пасялілася ў трушчобах Калькуты. У 1950 г. законная сястра атрымала ад Апостальскай Сталіцы дазвол на стварэнне ўласнай супольнасці, якая пазней стала Ордэнам Сясцёр Любові.

Хутка пасля смерці Маці Тэрэзы па рашэнні папы Яна Паўла ІІ пачаўся працэс яе беатыфікацыі. У 2002 г. папа Ян Павел абвясціў яе благаслаўлёнай.

Сёння ва ўсім свеце працуюць больш за 5 тысяч Місіянерак Любові, якія задзейнічаны ў больш чым 100 справах міласэрнасці. Як яны самі падкрэсліваюць, важна не тое, што яны робяць і з кім працуюць, а як любяць.







All the contents on this site are copyrighted ©.