2010-09-10 17:36:52

Кс. Ламбардзі пра крытыку Бэнэдыкта ХVI


RealAudioMP3 «Магчымая крытыка і пратэсты адносна візіту Бэнэдыкта ХVI у Вялікабрытанію — гэта частка нармальнага плюралістычнага клімату і свабоднага грамадства», — адзначыў кс. Фэдэрыко Ламбардзі SI. Кіраўнік Прэс-службы Апостальскай Сталіцы сваю сённяшнюю сустрэчу з журналістамі прысвяціў 17 апостальскаму падарожжу Папы за межы Італіі.

Падчас прэс-канферэнцыі кс. Ламбардзі адказаў таксама на пытанне аб чутках пра папскі візіт у Вялікабрытанію, аб выдатках на гэтае падарожжа і платным удзеле ў сустрэчы з Папам Рымскім. Сярод такіх, напрыклад, называюць вячэрняе малітоўнае чуванне ў лонданскім Гайд-Парку, запланаванае на 18 верасня. «Папа быў запрошаны. Ён не сказаў: я сяду на самалёт, палячу ў Англію і буду насаджваць там сваю прысутнасць, — сказаў кіраўнік Прэс-службы Апостальскай Сталіцы. Са свайго боку мясцовы Касцёл намагаецца пакрыць кошты падарожжа найбольш выгодным для іх чынам. Я ўжо меў магчымасць ўдакладніць, што тут не ідзе гаворкі ні аб продажы квіткоў, ні таксама пра тое, што Ватыкан змушаў да продажу квіткоў на святыя Імшы з Папам. Устаноўлена, як будзе выглядаць удзел вернікаў, уключаючы пытанне транспарту», — растлумачыў кс. Ламбардзі.

Гаворачы аб беатыфікацыі кардынала Джона Генры Ньюмана, кіраўнік ватыканскай прэс-службы адзначыў, што гэта не з’яўляецца для англіканаў «праблемай або цяжкасцю». Сама цырымонія будзе «знакам асаблівага прызнання, цікавасці і значэння, якую Папа надае гэтай постаці». Ксёндз Ламбардзі таксама запэўніў, што ўдзел духоўных англіканскіх жанчын у экуменічных набажэнствах з удзелам Папы не ўяўляюць ніякай праблемы. «Праблема можа ўзнікнуць, калі справа ідзе пра цэлебрацыю Эўхарыстыі», — патлумачыў кс. Ламбардзі.







All the contents on this site are copyrighted ©.