Бэнэдыкт XVI заклікаў біскупаў Бразіліі да правядзення новай евангелізацыі
10 верасня 2010 г.
Святы Айцец Бэнэдыкт XVI удзяліў аўдыенцыю біскупам з Бразіліі. Папа заклікаў іерархаў
да ўстанаўлення кантактаў з пратэстанцкімі супольнасцямі і да правядзення «экуменічнага
дыялога ў праўдзе».
Перашкодай для экуменізму Пантыфік назваў «эклезіялагічны
рэлятывізм», які трактуе ўсе меркаванні як роўныя.
Па словах Бэнэдыкта XVI,
ужо шмат дзесяцігоддзяў многія бразільскія католікі «пакінулі касцёльнае жыццё» з
прычыны «хуткай экспансіі евангелічных супольнасцяў». З гэтым таксама звязана «часта
павярхоўная евангелізацыя» гэтых вернікаў. Тыя, хто прымае хрост, прайшлі недастаткова
глыбокую падрыхтоўку і маюць «крохкую веру, што абапіраецца часцей на простай пабожнасці».
Адсюль вынікае «неабходнасць таго, каб Каталіцкі Касцёл у Бразіліі ўдзельнічаў у новай
евангелізацыі».