Эканамічная сітуацыя Еўропы у руках невялікай групы людзей
Эканоміка Еўропы знаходзіцца
ў руках невялікай групы людзей, якіх ніхто не выбраў, — так піша пра апошні саміт
па эканамічных і фінансавых справах Еўрапейскага Саюза (Экофін) журналіст Лука Поссаці.
На яго думку, шукаючы адказы на сённяшні крызіс, трэба задаць сабе пытанне пра «ўладу
і ролю еўрапейскіх ўстановаў».
«Да сённяшняга дня 27 краін Еўрапейскага Саюза
заўсёды ішлі ў адным і тым жа кірунку: умацавання цэнтральных уладаў Саюза за кошт
краін-членаў. А калі б такім чынам перамагла адваротная стратэгія?», — уздымае пытанне
каментатар ватыканскай газеты. На думку журналіста, на сучасным этапе палітыка Саюза
імкнецца да таго, каб «кантроль над эканомікай паступова перайшоў у рукі нешматлікіх
нявыбраных».
Гэта суправаджаецца сытукненнем двух меркаванняў — «школаў»: з
аднаго боку, «вялікай Еўропы», а з іншага — пераканання, што «еўра аказалася тым,
чым ёсць — клеткаю». «Гэтая валюта без дзяржавы, якая належыць усім і не належыць
нікому, прывяла да запазычанасці, якую краіны Еўропы ўжо не ў стане кантраляваць і
рэфінансаваць, што тым самым пагражае жыццю будучых пакаленняў», — адзначае Поссаці.
Журналіст
нагадвае, што на сённяшні дзень «суверэнную валюту маюць толькі ЗША, Японія і Вялікабрытанія»,
у той час як еўра «ужо не з’яўляецца суверэннай валютай». «Краіны, якія выпускаюць
еўра, не могуць ім распараджацца. Гэта вядзе да таго, што іх лёгка шантажыраваць,
а публічны доўг становіцца рэальным і, каб пакрыць яго, грамадзяне павінны прадпрыняць
велізарныя намаганні», — чытаем у каментарыі ватыканскай газеты.
«Еўропа павінна
зрабіць выбар: альбо панаванне супереўра,... альбо ўмацаванне ўрадаў дзяржаў-членаў,
здольных да стварэння адпаведнай формы плённага супрацоўніцтва», — падсумоўвае каментатар
газеты «Л’Оссэрваторэ Рамано».