2010-09-08 16:43:35

Пачаўся Генеральны Капітул Місіянераў Аблатаў Марыі Беззаганнай


RealAudioMP3 З 8 верасня па 8 кастрычніка 2010 г. у Рыме будзе працаваць Генеральны Капітул Місіянераў Аблатаў Марыі Беззаганнай. Як адзначана ў Канстытуцыі супольнасці, «Капітул з’яўляецца прывілеяваным часам засяроджання, роздуму і супольнага навяртання». «Аблат» — значыць «ахвяраваны», «ахвяраваны Марыі Беззаганнай», каб, як Яна, несці Хрыста тым, каму Ён найбольш патрэбны: людзям духоўна і матэрыяльна бедным, якім патрэбна надзея. У цэнтры духоўнасці аблатаў знаходзіцца асоба Езуса Хрыста, таму кандыдаты ў супольнасць павінны асабліва любіць Укрыжаванага, а кожны аблат — усімі сіламі Яго наследаваць.

Акрамя разгляду актуальных пытанняў дзейнасці манаскай сям’і, дэлегаты з усіх куткоў свету здзейсняць абранне новага генеральнага настаяцеля.

Супольнасць была заснавана ў 1816 г. з мэтай адказу на выклікі, якія прынесла Французская рэвалюцыя. Сёння налічваецца больш за 4 тысячы членаў у 65-ці краінах свету. Харызмай кангрэгацыі зяўляецца прапаведаваннне Божых праўдаў сваім сучаснікам. Дэвіз супольнасці ўключае словы з Евангелля: «...евангелізаваць бедных жабракоў паслаў мяне Пан».

Праца Супольнасці адбываецца ў такіх напрамках, як традыцыйнае душпастырства, евангелізацыя і дабрачыннасць.

На тэрыторыю Беларусі аблаты прыбылі перад Другой сусветнай вайной. Яны працавалі на Гродзеншчыне: у Наваградку і Вашкевічах. На жаль, ваеннае ліхалецце выгнала іх з месцаў душпастырскай працы. Застаўся толькі айцец Войцех Навачык — пробашч з Наваградка. Нястомны аблат перажыў савецкія лагеры ў Сібіры, пасля якіх, хворы, вярнуўся ў наваградскую парафію, дзе і працаваў да самай смерці. Памёр ён ў 1984 г.

Чарговая старонка гісторыі аблатаў на Беларусі адкрылася толькі ў 1992 годзе. Айцы аблаты апякуюцца парафіяй Св. Язафата Кунцэвіча ў Шуміліне, што ў Віцебскай дыяцэзіі. Шумілінскаму касцёлу, між іншым, нададзены тытул санктуарыя Маці Божай Фацімскай. Аблаты нясуць сваё служэнне таксама ў Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі (Мінск, Астрашыцкі Гарадок, Калодзішчы, Каралёў Стан) і ў Гродзенскай дыяцэзіі (в. Зарачанка, в. Селіванаўцы).

Адрозным знакам аблатаў з’яўляецца вялікі крыж, які яны носяць на сутане. Рэгулы прадпісваюць, каб з гэтым крыжам у руцэ законнікі складалі падзяку пасля Святой Камуніі, цалавалі яго, апранаючыся для цэлебрацыі Эўхарыстыі і пасля яе заканчэння, а таксама давалі яго ў рукі пенітэнтам (тым, хто пакаяўся) падчас сакрамэнту пакаяння.







All the contents on this site are copyrighted ©.