Папа да пілігрымаў з Гродна: "З усяго сэрца вас благаслаўляю"
Аўдыенцыя адбылася
ў зале Паўла VI, куды прыбылі шматлікія вернікі з розных куткоў свету. Сярод іх была
група 45 семінарыстаў і выкладчыкаў з гродзенскай Вышэйшай духоўнай семінарыі на чале
з біскупам Аляксандрам Кашкевічам. Гэтая пілігрымка з'яўляецца падзякай за 20 гадоў
існавання семінарыі і тыя плёны, якія прынесла яе дзейнасць.
У сваёй
сённяшняй катэхезе Святы Айцец працягваў разважанні аб святой Гільдэгардзе з Бінген.
Нагадаў яе багатыя па змесце містычныя бачанні, запісы аб якіх засталіся ў кнігах.
«З дзяцінства будучая святая зведвала прысутнасць унутранага святла, якое было крыніцай
яе тэалагічных ведаў і прароцкага пасланніцтва. Бачанні, якія датычаць галоўных здарэнняў
гісторыі збаўлення, апісвае яна моваю сімвалаў, паэзіі і алегорыі», — сказаў далей
Папа ў сваёй сённяшняй катэхэзе. У найбольш вядомым творы «Scivias», што значыць «Пазнай
дарогі Пана», святая Гільдэгарда апісвае сваё бачанне здарэнняў ад стварэння свету
аж да канца часоў. Яна пісала аб будучыні Касцёла і аб таямніцы містычных сувязяў
Бога з чалавекам, які нарадзіўся дзякуючы ўцелаўленню Божага Сына.
«У апакаліптычных
пісьмах, святая Гільдэгарда паказвае, — дадаў Бэнэдыкт ХVI, — касмічную драму барацьбы
дабра са злом; бачанне космасу і чалавека ў святле Божага Аб’яўлення; асобу Хрыста,
які надае сэнс усяму стварэнню. Вядомымі з’яўляюцца таксама яе пісьмы аб медыцыне
і фармакалогіі; паэтычныя і музычныя творы, якія былі распаўсюджаны законнымі супольнасцямі».
«Яна была асобаю вельмі вядомай і папулярнай. За парадай і навучаннем да яе звярталіся
прадстаўнікі розных законых супольнасцяў, духоўныя і свецкія асобы», — адзначыў на
заканчэнне сваёй катахэзы Святы Айцец.
Святая Гільдэгарда прымала актыўны
ўдзел у маральным аднаўленні духавенства, звярталася з прамовамі да святароў, манаскіх
супольнасцей і звычайнага народу. Вяла карэспандэнцыю з Рымскім Папам, імператарам,
біскупамі і тэолагамі. Гільдэгарда з’яўляецца прыкладам святых і адважных жанчын,
якія, дзякуючы Божаму дару, прычыняюцца да духоўнага ўзросту Касцёла.
Падчас
сённяшняй агульнай аўдыенцыі Святы Айцец Бэнэдыкт XVI прывітаў навучэнцаў і прафесараў
Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне. Прыбылі яны ў Вечны горад з нагоды 20–й гадавіны
сваёй навучальнай установы. Разам з імі прыехаў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч.
«Вітаю
прафесараў і алюмнаў Духоўнай семінарыі ў Гродне ў Беларусі, якія тут, у Рыме, адзначаюць
дваццатую гадавіну яе існавання, — звярнуўся да прысутных Пантыфік. — Няхай гэтую
семінарыю і ўсіх тут прысутных падтрымлівае заступніцтва Дзевы Марыі, нараджэнне якой
сёння адзначаем. Ад усяго сэрца вас благаслаўляю».
3 верасня 2010 г. з
Гродна ў пілігрымку ў Італію выехала група навучэнцаў і святароў. На працягу 9 дзён
пілігрымы наведаюць базыліку св. Марка ў Венецыі, магілу св. Антонія ў Падуі, санктуарый
св. Францішка і св. Клары ў Асізі, чатыры галоўныя базылікі ў Рыме, базыліку Ружанцовай
Божай Маці ў Пампеі, магілу св. айца Піо і іншыя мясціны.